Chapter Text
З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе. Госпадзе! Пачуй голас мой.
Хай будуць вушы Твае ўважлівыя да голасу маленняў маіх...
Псалом 129
***
«…і адкрыўшы скарбы свае, прынеслі Яму дары: золата, ладан і смірну».
Мв. 2:11
У дзверы пазванілі. Гаспадар дома, папраўляючы рукавы новага швэдра, паспяшаўся спусціцца з другога паверху і адчыніць, адначасова схапіўшы з камода ў вітальні місак з цукеркамі: калядоўшчыкі ніколі не сыходзілі ад яго з пустымі кішэнямі. На ганку правільным трохкутнікам стаялі трое. У вайсковай форме.
— Добры дзень. Маёр Сэмюэль Мёрфі, — назваўся адзін і спытаў: — Спадар Эдвін Хафстрэйн? — вывастраная і халодная мова афіцэра мімаволі пакідала рассечыны ў памяці. Выгляд у Мёрфі быў ці то вінаваты, ці то сарамлівы.
— Доктар, — аўтаматычна выправіў Эдвін і адчуў знянацку, як сэрца ўпала, адначасова з позіркам на медычную сумку ў руках дзяўчыны, якая стаяла за правым плячом маёра.
Калі доктар перасекся позіркам з трэцім візіцёрам — мужчынам — той кіўнуў яму. А можа быць, схаваў вочы на імгненне.
— Мы можам прайсці ў дом, пагутарыць? — далікатна працягнуў афіцэр, ківаючы галавой на дзверы.
— Вядома, — з разуменнем, суха адказаў гаспадар дому, трошкі адступаючы ўбок і ўпускаючы вайскоўцаў. І вымавіў тое, што наўрад ці можна было палічыць пытаннем: — Гэта ж наконт Элтана.
Маёр Мёрфі прамаўчаў, але тое, як ён зняў фуражку, уваходзячы, і прытуліў да грудзей, і без таго яго выкрывала. Яшчэ на адно няёмкае імгненне яны затрымаліся ў вітальні, пакуль доктарка не падала голас, на дзіва ўпэўнены і цвёрды, быццам яна лепш за саслужыўцаў умела... Ды не, якраз ёй і не звыкаць прыносіць такія навіны.
— Нам лепш прысесці.
Эдвін зноў кінуў нейкае «вядома», і яны прайшлі ў гасцёўню, дзе на доктара Хафстрэйна раптам напала нейкае ажыўленне. Ён паспрабаваў зменшыць напал атмасферы:
— Можа, гарбаты?
— Дзякуй, не трэба.
— Сядайце, калі ласка.
Ажыўленне гэтак жа хутка сышло, адступіўшы перад дранцвеннем. Эдвін сеў амаль механічна.
— Сэр, — маёр зрабіў доўгую паўзу, каб доктар урэшце падняў на яго вочы. — Я маю няшчасце паведаміць вас, што ваш брат, капітан Элтан Хафстрэйн, загінуў учора падчас лётных выпрабаванняў, — праследавала яшчэ адно, расцягнутае да немажлівасці, імгненне маўчання. — Прыміце нашыя спачуванні.
Эдвін, які нерухома сядзеў у напружанай і строгай паставе, раптам шумна выдыхнуў, абвяў, апусціў плечы і пахітаў галавой, то зарываючыся пальцамі ў цёмныя валасы, то паціраючы падбароддзе.
Нарэшце ён сабраўся, прыбраў далонь ад рота, зноў падняў вочы на афіцэра, і ледзьве чутна, са спадзевам, зразумелым яму аднаму, вымавіў толькі адно слова:
— Тэхніка?..
— Будзе праведзена расследаванне, сэр, — з ці то нядбайна прыхаваным, ці то знарок заўважным шкадаваннем у голасе адпавёў Мёрфі. — Пакуль што мы не маем права нічога разгалашаць.
Эдвін зноўку заківаў — з разуменнем, афарбаваным прыкрасцю; затым зноў упёрся падбароддзем у руку і далей — пра дакументы, архівы, нумары тэлефонаў, прозвішчы і званні нейкіх людзей, — слухаць не стаў. Толькі выхапіў надосталь:
— Усе асабістыя рэчы мы перададзім ягонай жонцы.
...Калі твой брат — лётчык-выпрабавальнік, ты ведаеш, што аднойчы да цябе прыйдуць і скажуць, што ты больш яго не ўбачыш. Ад гэтага не лягчэй, але часам і не цяжэй. Калі ты ягоная жонка — ты кожны дзень молішся, каб такі дзень не наступіў.
— Я разумею.
— Магчыма, у вас засталіся пытанні, сэр?
— Не, — пагайдаў галавой «сэр». Думкамі ён ужо быў далёка.
— У такім выпадку, нам час ісці, — маёр падняўся, уздыхнуўшы. Яго чакалі дома дзеці і падрыхтоўка да святочнай вячэры.
На парозе ён адсалютаваў, і гэтым скончылася ягонае развітанне. Доктарка паціснула Эдвіну руку, як калегу, не дазволіўшы сабе больш, чым «Бывайце». Мужчына, які маўчаў падчас цяжкай размовы, троху сумеўся, сыходзячы, і няўпэўнена, ставячы пад сумнеў свае словы і тое, навошта ён іх кажа, прамовіў:
— Шчаслівых Калядаў, сэр.
