Actions

Work Header

Дзяржаўная ўстанова «Мёрская цэнтральная раённая бібліятэка»

Summary:

Часам гэта ў першую чаргу файнае месца для знаёмства.

Chapter 1: Пра сілу імёнаў

Chapter Text

Будынак бібліятэкі сваім выглядам наводзіў нуду — іншага слова неяк не прыходзіла да галавы. Вясновая белая фарба на цагляных сценах за лета не паспела аблупіцца, сціплыя клумбы ля ганку абышліся (дзякуй богу) без гумовых лебядзей і пластыкавых пальм, а за шклом вокнаў са старымі драўлянымі шыбамі было відаць банальныя персікавыя жалюзі. Адным словам, дадзеную дзяржаўную ўстанову адрозніваў падазрона нізкі градус агратрэшу.
Дзверы са зламаным прыводам з цяжкасцю паддаліся і, калі зачыніліся, ляснулі так, што я мімаволі здрыганулася. Гардэроб не працаваў. Я пастаяла, аглядаючыся: налева была чытальная зала, направа — "абанемент". На доўгай сцяне насупраць гардэробу віселі нейкія фотаздымкі, бюст Якуба Коласа глядзеў на іх лысай патыліцай. 

Дыхай, Жэня, гэта проста запіс у бібліятэку, не свецкая вечарына. Ты проста падыдзеш да цёткі, якая там сядзіць, аддасі ёй пашпарт і на тым катаванне скончыцца. 

Сціснуўшы мацней лямку заплечніка, я зайшла ў залу абанемента. За стойкай, абапершыся на руку падбароддзем, сядзела дзяўчына ў чорным, мабыць, мая аднагодка — дакладна не старэй за дваццаць пяць, і вельмі засяроджана націскала адну і тую ж клавішу на клавіатуры камп'ютара. Я адразу ж адвярнулася, быццам хацела разгледзець лепш нейкі тэматычны стэнд, насамрэч рыхтуючыся сысці, пакуль мяне не заўважылі. 

— Вечна вы, менскія, не вітаецеся, — пачула я бурканне. 

Прыйшлося зноў развярнуцца.

— Добры дзень, — выразна вымавіла дзяўчына, гледзячы прама на мяне. Працінаючы позіркам.

Блакітныя.

— Э, кхм, — мне прыйшлося прачысціць горла, каб загаварыць. — Добры.

Дзяўчына, аднак, ужо вярнулася да свайго нудлівага занятку, пакідаючы мяне сам-насам з няёмкасцю. Я падышла бліжэй да стойкі і выціснула з сябе фразу:

— Я б хацела запісацца... —  і дадала, ледзь не забыўшыся: — Клласка.

Дзяўчына пару разоў стукнула па клавішах: 

— Прозвішча-імя?

Павісла чарговая няёмкая паўза, пакуль я даставала з заплечніка пашпарт. Бібліятэкарка зноў глядзела на мяне з сумессю асуджэння і цікаўнасці. Ці я зноўку ўсё прыдумваю? Урэшце, сіняя кніжка легла на стойку.

— Лебедзь.

Дзяўчына пытальна ўзняла светлае брыво, але нічога не сказала, узяўшы мой пашпарт у рукі і спрактыкавана адгарнуўшы перадапошнюю старонку.
За дваццаць два гады жыцця я магла б ужо і звыкнуць да рэакцыі на сваё імя, але сэрца ўсе адно трывожна забілася: толькі б абышлося без дурных пытанняў, толькі б...

Яна прысвіснула. І засмяялася - коратка і быццам бяззлобна. Я імгненна адчула, як халаднеюць рукі і ўзгараюць вушы. 

— Што ж, — з усмешкай гледзячы на мяне, дзяўчына паднялася з крэсла і працягнула мне далонь, а калі я ўзяла яе, накрыла маю другой. — Гражына Карлаўна?

Я нервова кіўнула. Вясёласць дзяўчыны чамусьці адрознівалася ад той, што суправаджала кпіны з майго імені. Яна мацней паціснула маю руку і з тэатральнай сур'ёзнасцю дадала:

— Дазвольце прадставіцца: Юстына Казіміраўна.

І зноў засмяялася, відаць, убачыўшы мой твар, на якім яскрава адбівалася, з якой цяжкасцю даецца мне ўсведамленне сітуацыі.

Урэшце яна адпусціла маю руку і зноўку села, каб скончыць запаўняць маю картку, машынальна паправіўшы каротка пастрыжаныя кучаравыя валасы. Я ўсміхнулася і пацерла далонь, замацоўваючы на ёй упэўнены поціск прахалодных пальцаў. Відаць, у гэтых дзікіх краях, я не буду ўжо такой дзівачкай. Ці, прынамсі, буду дзівачкай з кампаніяй.