Chapter Text
Мінхо ніколі не верыў у варажбу і іншую містычную недарэчнасць, але Фелікс быў вельмі настойлівым і літаральна прымусіў старэйшага пайсці з ім да Хёнджына. На самой справе Мінхо добра разумее, што Лікс адчувае сябе няёмка з-за прапанавання Хвана наладзіць вячоркі з начлегам на летніх канікулах, і менавіта таму пазваў трэцяга чалавека. І як бы Лі не спрабаваў прывесці да розуму Фелікса, што Хван чакае ў сябе толькі свайго аднакласніка, той быў непрыхільным.
Мінхо быў старэйшы за Фелікса і Хёнджына на два гады. Пазнаёміліся яны з Ліксам на школьным мерапрыемствы, дзе іх прызначылі вядучымі. Нягледзячы на тое, што старэйшы Лі быў не вельмі гаварлівым, Феліксу неяк удалося адшукаць шлях да душы Мінхо і стаць добрым сябрам. Нават розніца ва ўзросце не стала праблемай. Толькі вось з лепшым сябрам Лікса — Хёнджынам — паладзіць ніяк не выходзіла.
Вось і зараз Хван глядзіць на нязванага госця воўкам. Мінхо і рады быў бы пайсці дадому, але малодшы Лі так моцна ўчапіўся ў яго рукаў, што заставалася толькі сядзець і цярпець злы погляд.
— Вы ж сябры, чаго ты не можаш з ім сам-насам застацца? — шэпча Мінхо, калі Хёнджын адварочваецца зрабіць гарбату.
— Ну, ведаеш... — пачынае шаптаць у адказ Фелікс, але хутка бянтэжыцца і глядзіць у стол. — Я потым табе раскажу.
Мінхо закочвае вочы. Яму і не трэба нічога расказваць, ён ужо даўно бачыць, як гэтыя двое глядзяць адзін на аднаго, калі думаюць, што другі не бачыць, як дакранаюцца быццам выпадкова. Адзінае, чаго Мінхо не разумее — чаму яны да гэтага часу не прызналіся адзін аднаму. Дзіцячы сад.
— Спадзяюся, ты захліпнешся, — з усмешкай на вуснах гаворыць Хёнджын, двігаючы шклянку гарбаты да старэйшага Лі, пакуль Фелікс незадаволена глядзіць на яго.
— Не раней за цябе з тваім ядам, — без якіх-небудзь эмоцый адказвае Мінхо і робіць глыток напою.
— Хлопцы! — хмурыцца Фелікс.
Хван сцісквае вусны і ўздыхае:
— Добра, прабач.
— Прабачаю, — ківае Мінхо, а Хёнджын ізноў бесіцца.
— Усё, хопіць. Давайце не сёння.
Хван хмыкае і садзіцца да Мінхо амаль што спіною, глядзіць толькі на Фелікса. Той уздыхае. Ну хоць так. І робіць нарэшце глыток гарбаты.
— Якая смачная!
Хёнджын урэшце ўсміхаецца весела:
— Дзеля цябе стараўся.
Лікс ізноў бянтэжыцца, а Мінхо хочацца сысці яшчэ мацней. Ён нават закашляваецца, з-за чаго Хван зноў незадаволенна глядзіць на яго. Фелікс адчувае, што яшчэ трохі, і яны зноў пачнуць спрэчку, таму, папярэджваючы вострыя словы Хёнджына, гаворыць:
— Хёнджын, памятаеш, ты казаў, што сёння добры дзень для варажбы? Чаму мы проста так сядзім? Паваражы нам з Мінхо, калі ласка?
Погляд Хвана змягчаецца і ён зноў усміхаецца, гледзячы на свайго аднакласніка:
— Калі ты просіш, то добра, зараз прынясу карты.
Як толькі Хёнджын выходзіць, Мінхо паварочваецца да сябра:
— Калі ты скажаш яму, што закахаўся?
— Цішэй! Ён жа пачуе! — шыпіць Фелікс. — Як ты даведаўся?
— Да па вам дваім усё даўно бачна, я не разумею, чаму вы абодва маўчыце.
— Ну... У яго шмат паклонніц, я не думаю, што...
— Ён цябе абажае, толькі ты і не бачыш гэтага. Хопіць перажываць дарма.
Фелікс глядзіць у другім напрамку ад свайго сябра, а на шчоках з’яўляецца чырвань.
— Гэта ўсё выключна сяброўскае, не выдумляй.
Мінхо ўжо другі раз за вечар закочвае вочы.
— Не скажаш ты — скажу я, — у рэшце рэшт гаворыць старэйшы Лі.
— Не трэба!
У гэты момант вяртаецца Хёнджын. Глядзіць то на Лікса, то на Мінхо, а потым хмурыцца. Лі здагадваецца, аб чым Хван мог падумаць, таму ўзнімае рукі ўверх:
— Я з ім не фліртаваў, не глядзі так. Мяне малодшыя не цікавяць.
У Мінхо ляціць каробка гарбаты, якую ён паспяхова ловіць, а ў Хёнджына чырванеюць вушы. Ну як жа відавочна. Фелікс таксама не застаецца ў баку і нясільна стукае сябра па плячу. Лі зноў вочы закочвае і ставіць каробку на стол.
— З каго пачнем? — Хван садзіцца і тасуе карты, не ўзнімаючы вачэй на хлопцаў перад сабой.
— Давай з Мінхо, — Лікс таксама ў стол глядзіць і чэша патыліцу.
— Я не веру ў варажбу, — адмахіваецца Лі.
— І дарэмна, — Хёнджын урэшце ўзнімае вочы на старшакласніка. — Мне карты яшчэ ні разу не схлусілі.
— Вось як, — выгінае брыво ў нявер’і. — Ну калі так, давай, варажы.
— На што варажыць будзем?
Мінхо не можа не адзначыць, што Хван больш не глядзіць так вражбова, як дагэтуль, і ўсміхаецца. Ён пераводзіць погляд з аднаго меншакласніка на другога, а пасля глядзіць Хвану ў вочы і адказвае:
— А давай на каханне.
Шчыра кажучы, Мінхо да кахання не было ніякай справы, ён толькі аб экзаменах, што чакаюць яго наступным летам, хваляваўся. Але чаму б і не? У рэшце рэшт, на такіх вячорках заўсёды на каханне і варожаць. Падлеткаў таксама экзамены наступным летам чакаюць, і нешта падказвала, што зараз яны думаць аб гэтым не жадаюць.
Хёнджын хмыкае, але датасоўвае калоду і пачынае раскладваць карты. Просіць Мінхо некалькі разоў самому карты выбраць, а потым пераварочвае іх і доўга маўкліва глядзіць на малюнкі. Лі рашуча не разумее, што Хван можа там бачыць, але цярпліва чакае. У рэшце рэшт "варажбіт" пачынае гаварыць:
— Вы яшчэ не знаёмы, але ваша сустрэча будзе зусім хутка. Не магу зразумець, што тут пра знешнасць гаворыца, аднак па характару гэта вельмі ціхі чалавек, але побач з табою ён будзе паступова адкрывацца...
— Ён? — перапытвае Мінхо.
— Чалавек — слова мужчынскага роду. Я не бачу якога полу гэты чалавек. Усё вельмі туманна, бо ты картам не верыш, вось яны і не жадаюць прама гаварыць.
— Як усё складана, — закочвае вочы Лі.
— А ты чаго хацеў, каб я табе ўсё падрабязна расказаў? Імя, прозвішча, дату народжання? Так не бывае, — Хёнджын складвае рукі на грудзях.
— Усё-усё, я зразумеў.
— Вось і добра. Фелікс, табе паваражыць?
Яны сядзяць яшчэ некаторы час за варажбой, у рэшце рэшт варожаць і на экзамены. Мінхо варажбой задаволенны, хоць і разумее, што ўсё гэта бязглуздзіца, а вось Фелікса прыходзіцца супакойваць тым, што будучыня неадназначна, і ўсё яшчэ можа змяніцца. Калі за вокнамі пачынае цямнець, Мінхо ўсё-такі вырашае пайсці дадому. Лікс спрабуе яго спыніць, але той усё роўна збіраецца. Хван праводзіць Лі да дзвярэй і працягвае яму руку.
— Мір? — пытаецца Мінхо і цісне чужую руку.
— Мір, — ківае Хван.
— Пагаварыце з Феліксам наконт вашых... адносін. Вам абодвум лягчэй будзе.
— Дзякуй за клопат, — усміхаецца Хёнджын. — Як-небудзь вырашым з гэтым.
— Веру ў вас, — вяртае ўсмешку Лі і выходзіць з хаты.
За гэта лета младшакласнікі заклікалі яго гуляць яшчэ некалькі разоў. Хёнджын амаль перастаў спрачацца са старэйшым і апыніўся зусім не дрэнным хлопцам. Тым больш, Мінхо бачыў, як той клапоціцца пра Фелікса, таму зусім супакоіўся, хоць яны так і не вырашылі сваё амурнае пытанне. З аднаго боку, яно і к лепшаму, у рэшце рэшт яны былі яшчэ падлеткамі і нельга было быць упэўненым, што гэта не іх гармоны дураць, а з іншага… У любым выпадку, Мінхо вырашыў больш не лезці да іх — самі разбяруцца.
Хутка зноў прыйшла восень, а з ёй і нярвознасць — выпускны клас як-ніяк. Збіраючыся ў школу першага верасня, Мінхо думае ужо аб летніх экзаменах. Але ў рэальнасць яго вяртае настаўніца, якая сабрала ўвесь клас перад лінейкай і абвясціўшы:
— Дзеці, ведаю, гэта вельмі нечакана, але ў гэтым годзе ў вас з’явіўся новы аднакласнік. Не крыўдзіце яго, калі ласка, скончым гэты год дружна. Знаёмцеся...
— Прывітанне, — хлопец, што стаяў побач з настаўніцай, узнімае правую руку і трохі няёмка ўсміхаецца. — Я Хан Джысон, прыемна пазнаёміцца.
Увагі да Джысона шмат, асабліва ад дзяўчынак, якія яшчэ не знайшлі сабе партнёра для вальса на апошнім званку. Хлопец усміхаецца, стараючыся адказаць усім, але Мінхо бачыць, як яму няўтульна. Усе нават аб лінейцы забываюць. Лі вырашае прыйсці новаму аднакласніку на дапамогу:
— Адчапіцеся ад беднага хлопца, лепш паўтарыце свае вершы для лінейцы.
— Мінхо, не будзь такім занудлівым, — Санхва хлопае аднакласніка па плячу. — Не кожны дзень у нашым класе з’яўляюцца новенькія.
Лі ўздыхае і стрымліваецца ад таго, каб закаціць вочы. У выніку Пак усё роўна адзіны, хто яго пачуў. Але тут ужо ўмешваецца настаўніца, амаль што паўтараючы словы вучня. І вось яе ўсе слухаюцца і разыходзяцца ў розныя бакі. Якая несправядлівасць. Новенькі праходзіць міма разам з настаўніцай, і Мінхо чуе ціхае "дзякуй". Ён паварочваецца, сустракаецца поглядамі з Джысонам і коратка ківае, хоць на самой справе і лічыць, што ад яго спробы дапамагчы было мала толку.
Дадатак новага вучня ў клас блытае ўвесь сцэнарый лінейкі, таму яна праходзіць неяк сумбурна, нягледзячы на папярэднія рэпетыцыі. Мінхо незадаволенны, але Фелікс з натоўпу малодшых класаў паказвае яму два вялікіх пальца і шырока ўсміхаецца. Старэйшы Лі ніколі не мог стрымаць усмешку ў адказ. Менавіта ў гэты момант школьны фатограф вырашыў зрабіць здымак. Мінхо адразу хмурыцца. Цяпер яго недарэчны твар будзе красавацца на сайце школы, які кашмар. Лі ўвогуле не падабалася, калі яго фатагравалі дзеля школьнага сайту (адбывалася гэта часта, бо ён быў выдатнікам і ўдзельнікам вялікай колькасці алімпіяд), а тут яшчэ і ў такі момант.
У астатнім школьнае жыццё амаль што не змяняецца. Вядома, першы час у класе трохі шумней, чым звычайна, шмат чалавек жадаюць пазнаёміцца з новенькім, але яму толькі няўтульна ад такой увагі, і ён не вельмі ахвотна ідзе на кантакт, часцей апраўдваецца, што рыхтуецца да экзаменаў і не хоча адцягвацца. Ён амаль заўсёды сядзіць за партай у адзіноце і нешта чытае. Мінхо яго разумее. Ён заўсёды лічыў, што яго аднакласнікі занадта бестурботныя і нават у адзіннаццатым класе больш клапоцяцца пра дыскатэкі і гулянкі. Як яны збіраюцца здаваць экзамены, Лі ўвогуле не ўяўляе. Нават Санхва і Ханджун зараз больш часу трацілі на размовы пра ўсё і не пра што паміж сабой, зрэдку ўцягваючы ў гэта Мінхо, чым на падрыхтоўку, што было не падобна на іх.
З Санхва Мінхо пачаў сябраваць яшчэ ў пачатковай школе, і ўжо тады хлопчык больш увагі надаваў урокам, чым гульням з аднакласнікамі. Ханджун далучыўся да іх у пятым класе, і спачатку яны з Санхва часта спрачаліся, але чым сталей станавіліся, тым больш ладзілі паміж сабой, і пасля дзявятага класу нават выбралі аднолькавы профіль. Тады і Мінхо трохі аддзяліўся ад іх, бо замест ангельскай мовы і гісторыі выбраў матэматыку і фізіку. Але як сябры яны дапамагалі адзін аднаму — Лі з матэматыкай, Ханджун з ангельскай, а Санхва з гісторыяй.
З новенькім яны апыняюцца ў адным профілі. На пачатку яны трымаюцца асобна, але часта заданняў не хапае на ўсіх, і Мінхо ўсё роўна прыходзіцца падсаджвацца да Джысона, таму хутка Лі пачынае адразу садзіцца да Хана. Той палохаецца кожны раз, што заўсёды здзіўляе Мінхо. Таму аднойчы ён не вытрымвае і гаворыць:
— Не пужайся ты так, я не кусаюся. Нас усё роўна разам пасадзяць, калі заданняў зноў не хопіць.
— Проста ты такі сур’ёзны, — вінавата ўсміхаецца Джысон у адказ. — Мне сорамна рабіць памылкі, калі ты побач.
Мінхо нават смяецца.
— Усе робяць памылкі, гэта нармальна, калі ты вучышся. Калі нешта незразумела — можаш спытаць, мне не цяжка дапамагчы.
Джысон неяк ажывае пасля гэтых слоў, перастае палохацца Мінхо, калі той зноў падсаджваецца, і нават некалькі разоў пытае ў яго нешта. Яны і на агульных занятках пачынаюць садзіцца разам, што першы час здзіўляе астатніх аднакласнікаў, якія спрабавалі пасябраваць з новенькім. Хан амаль заўсёды маўчыць, і Лі гэта задавольвае. Астатнія, з кім садзіўся Мінхо дагэтуль, заўсёды спрабавалі размаўляць напрацягу ўсяго ўрока. Аднак хутка Лі пачынае сам гаварыць з Джысонам на перапынках, бо часцей за ўсё Санхва з Ханджунам занятыя сваімі спрэчкамі, якія ўсё роўна засталіся, нягледзячы на іх сяброўства, а Фелікс з Хёнджынам заходзяць рэдка, толькі калі ўрокі ў суседніх кабінетах. Мінхо нават не заўважае, як яны з Джысонам пачынаюць сазванівацца па вечарах, каб абмеркаваць дамашнюю работу і, часам, проста пабалакаць.
— Чаму ты вырашыў змяніць школу ў адзіннаццатым класе? — неяк пытае Лі на перапынку перад геаграфіяй, раскладваючы на парце падручнік з сшыткам.
— Ну... на самой справе гэта не я вырашыў, — неяк сумнее Хан. — Бацькі развяліся, і маці не захацела заставацца ў тым горадзе. Яе нічога не трымала там, а я вымушаны быў паехаць з ёй.
Мінхо глядзіць на панурага аднакласніка і спешна гаворыць:
— Прабач. Я не ведаў...
— Усё добра, — Джысон усміхаецца, але ўсё роўна бачна яго сум. — Ніхто ж не памёр. Толькі па сябрам сумую трохі, але мы спісваемся, і яны абяцалі прыехаць да мяне на зімовых канікулах.
— Добра, што вы падтрымліваеце сувязь, — ківае Мінхо. — У цябе выдатныя сябры.
— Калі ты не супраць... я бы хацеў пазнаёміць вас, як яны прыедуць.
— Пазнаёміць? Навошта? — Мінхо здзіўленна ўзнімае бровы.
— Ну... яны вельмі жадалі дазнацца аб маім новым сябры тут, — Джысон няёмка ўсміхаецца, не гледзячы на свайго суседа.
Лі з нейкай затрымкай зноў ківае і адказвае "добра", а сам толькі ў гэты момант разумее, што таксама ўжо лічыць Джысона сваім сябрам.
