Work Text:
Вы калі-небудзь забівалі?
Маміны рукі пахлі хлебам і капустай — іхняй апошняй вячэрай разам і дамашнім цяплом, памяць пра якое апякала шчокі дзвюмя тонкімі рысамі ў хвіліну слабасці і зусім не грэла ў гадзіну патрэбы. Сільвія абдымае сябе, каб займаць менш месца на і без таго вузкім паходным ложку. І рукі пахнуць сырым дрэвам, жалезам і восеньскай зямлёй.
Мужавы рукі пахлі ёдам і паперай — кароткімі сустрэчамі, цёплым дыханнем ля самага вуха, голасам, які шэпча ёй уночы тое, што яна не паспела сказаць. Сільвія прачынаецца і абхоплівае сябе рукамі, быццам шукаючы другую палову жэтона на не тым ланцугу, што неміласэрна душыць яе замест рыданняў. Рукі пахнуць ёдам, попелам і восеньскай зямлёй.
Даччыны рукі пахлі фарбай, яблыкамі і сонцам — доўгачаканым водпускам, роднымі вуліцамі, сустрэчай, дзеля якой хацелася можна было трэба было ісці па галовах. Якімі дарогамі яна ішла сюды — не мела значэння. Сільвія абдымае сябе, бо падае, па звычцы: зямля дрыжыць. Зямля шэрая, востракутая, голая і змерзлая. Родны дом, які не прымае ў свае абыдмкі. Зямля круціцца, Сільвія — дрыжыць. Рукі пахнуць морам, порахам і восеньскай зямлёй.
Вас калі-небудзь забівалі?
