Actions

Work Header

Rating:
Archive Warning:
Category:
Fandom:
Additional Tags:
Language:
беларуская
Stats:
Published:
2023-01-11
Words:
1,144
Chapters:
1/1
Comments:
2
Kudos:
17
Hits:
229

Валадар

Summary:

Знянацку ўсе змянілася —
Дзе апынуўся я?
У што параўтварыўся
Замак караля?

Notes:

з гэтым тэкстам цікавая гісторыя, я яго напісала абсалютна па прыколу пасля прачытання вось гэтага фанфіка
https://archiveofourown.org/works/42755583

таму, напэўна, варта прапанаваць спачатку ўшанаваць арыгінал, а пасля вяртацца сюды.
яшчэ прапаную вам, паважанае чытацтва, самастойна здагадацца дзе хто і дзе што :^)
усіх люблю, дзякуй, што чытаеце!!!

*** з днём палітычнай раздробленасці ў полацкім княстве

Work Text:

Залатое свячэнне вакол высокага ілба, строгія рысы ў змрочным маўчанні. Сціпла-суворы выраз нетутэйшых вачэй. Стан воя, перацягнуты срэбным бразготкім ззяннем грыўняў, буйнымі бурштынавымі слязьмі. Драпежныя пальцы. Безліч пярсцёнкаў, усыпаных барвовым, нібы варожая кроў, каменнем. Княжацкая пыха, прароцкая пакора.
Калі ён увайшоў у залю, падалося, што гэта служкі ўнеслі вялікі абраз.
Ён не схіліў галавы, не павітаўся, і рукой не зварухнуў.
Ён глядзеў змрочна і засяроджана, нібыта трымаў свае думкі ў такім парадку, што бясконцы вір іх быў у поўным ягоным валадаранні.
Ён маўчаў. Доўгія валасы хвалямі спускаліся на ягоныя плечы, захінутыя ў воўчае футра. Блішчэлі мядова-жоўтым ззяннем кроплі бурштыну на поясе.
Ён чакаў, пакуль перад ім схіляць галаву.

— Будзь здароў, валадару. Хай множыцца слава твая.

Але малады голас не задрыжэў. Галава не схілілася.

Валадар у змярцвелым спакоі ўзняў вочы:

— Будзь здароў.

Лёгкі ківок маладога гаспадара — служкі спешна выходзяць, моцна грукаючы цяжкімі дзвярыма. У цішыні шапочуць за акном неспакойна хвоі.

— Чаго хацеў ты, браце? — Мужчына скідае з крутых плеч воўчае футра. Пад шчыльнай кашуляй ягонай звіняць дробныя кольцы балцкай кальчугі.

Маладзён зухавата пасміхаецца.
Ягоны бялюткі каптан, падпяразаны шоўкам і срэбрам, зіхаціць на сонцы, што снег. Зіхацяць і раскудлачаныя валасы, зіхацяць пранізлівыя светлыя вочы. Зіхаціць стары варажскі меч на баку, раз-пораз нягучна ляскаючы аб чаравікі.

— Волі хачу. Пусці ты мяне, Святаславе: крыж цалаваць буду — ніколі на цябе вайною не пайду.

Ціша, ціша... Толькі праз рассунутыя аканіцы далятаюць да залі раз-пораз няясныя, бляклыя ў агульным напружанні воклічы. Чужынская гаворка, на якую адгукаюцца маладым голасам хіба што дубкі пад княжацкімі вокнамі.

— Волі, кажаш? — Святаслаў усміхаецца, як драпежнік, выскаляючы белыя зубы. Пільна ўзіраецца ў маладзейшага. — Крыж цалаваць будзеш, кажаш? Што ж ты, Вячку, вырашыў, як той Глебавіч быці? Ад мяне адрачыся?

— Не адракаюся я ад цябе, браце. Волі хачу.

Вячка бачыць, як праз высокі чысты лоб Святаслава жорсткай рысай праходзіць зморшчына. Як ад раз’ятранага ўздыху бразгаціць неспакойна кальчуга.
Вячка ведае, што пад замкам на яго чакае братава дружына. Яго чакаюць літва і яцвягі.
Яго чакае Рагвалодаў меч, такі цяжкі, што здольны яго насіць быў адзін толькі Святаслаў.

— Ты падносіў мне чару з мёдам — ты частаваў мяне. Ты слаў дары. Ты акуратна збіраў даніну. Ты ніколі не выступаў супраць мяне. — Гучным крокам Святаслаў адбіваў кожнае сваё слова, нібы замацоўваючы сэнс. — Што здарылася? Я мала апекаваўся табою?

— Не бывала такога, валадару. Але волі ў вас прашу. Князь-нябожчык сына свайго аддаў у маю зямлю: я прыму яго. Дайце ж і вы мне волі.

Вячка не адводзіў вачэй, напэўна, упершыню.
Ён ведаў, што ўсё было вырашана. Ён ведаў, што лютасць Святаслава — толькі буйства цела, з якога вось-вось выйдзе дух. Ягоны Волх пайшоў у іншы свет: няма каму больш трымаць іх. Сам і волі даў. Бо ведаў.
І Вячка ведаў, а таму не адводзіў вачэй.

Святаслаў, вонкава спакойны, мерна хадзіў па залі. Дзесьці пад драўлянай столлю губляліся водгукі ягоных крокаў.

— Даці табе волі... — Ён спыніўся блізка, на адлегласці ў крок ці два. Ён глядзеў пагардліва і люта. — Ты, Вячку, не памятаеш хіба, хто цябе ў Ноўгарада з рук выхапіў? Хто цябе выкарміў, выпесціў, вывучыў? Ну, браце? Скажы, хто?

Святаслаў маланкава памкнуўся наперад, як драпежнік, з сілай схапіў Вячку за каўнер і страсянуў.
Так блізка мігцелі дзіўным халодным спакоем маладыя вочы: такіх спакойных вачэй не павінна быць ва ўдзельнага княства.
Тады Святаслаў зразумеў, што надышоў канец.

Гарачы шэпт: павольна варушацца вусны, яшчэ зусім нядаўна такія нясмелыя:

— Не па крыві ты мне брат. Я вольны буду.

— Юда!

Святаслаў раз'юшана адштурхнуў Вячку ад сябе.

— Здрадзіць мне вырашыў? Прадаць? Жылы з мяне выцягнуць?

Вочы Святаслава блішчэлі ліхаманкава і страшна.
Ён хадзіў, прыгнуўшыся, як загнаны воўк, і Рагвалодава лязо раз-пораз зіхоткай змяёй паказвалася з похваў.
Вячка пахіснуўся, крануты магутнай рукой, але застаўся стаяць. І гэтая ўстойлівасць у нагах надала яму смеласці, маладой упэўненасці ў сваёй сіле і праўдзе.
Калі Святаслаў, дакрануўшыся, не зрабіў яму ніякай шкоды, то ўсё сапраўды хутка скончыцца. Воля была блізкая: ён адчуваў яе подых на сваёй скуры, яе дрыготкі салодкі пах — пах крыві, якой абрашаюцца палі, каб узараць на іх Сваё жыта. Вольнае жыта.
Воля пахла раненым ваўчыхам, падбітым крылом ястраба, ашалелым ад болю мядзведзем.
Воля пахла зламаным мячом Святаслава.

— Юда... Ойча наш, які ў нябёсах, што я зрабіў? За што ты насылаеш на мяне гэткую кару? — Святаслаў спыніўся, нібы ўражаны маланкай, перахрысціўся хутка і страсна. Водбліск дзікага, светлага, амаль юродскага разумення на хвілю адбіўся на ягоным твары. Але ўжо праз момант ён, нібы ў забыцці, усміхнуўся, як звер, трохі прыўзнімаючы верхнюю губу: стары, стары, бяззубы воўк! Стары конь баразну не псуе, але бяззубы воўк! Не, не, бяззубы воўк больш не палюе!
Бяззубы воўк жывіцца падлай.

Ён ведаў, што Бог больш не чуе яго, і наўрадці цяпер пачуе.
Бог будзе памятаць пра спадчыну Волха, якую Святаслаў назаўсёды захаваў у сваёй сівізне.
Бог знойдзе, за што яго караць.

Вячка бачыў, як кожнае імгненне змяняецца выраз на Святаслававым абліччы. Ад літасцівага і набожнага да лютага, ваўчынага, паганскага — нібыта ў ім змагаліся два бакі ягонай існасці.
Вячка ж быў толькі сузіральнікам.

Нарэшце, замаркочаны і нецярплівы, Вячка мерным крокам падышоў да брата. Стараўся трымацца як мага больш сур'ёзна: вядома, не малы хлапчук цяпер. Ён сам сабе будзе валадар. Ужо валадар. Шкада толькі, што не патрапіў зрабіцца такім раней: маладосць і ганарлівасць не дазвалялі замірыцца з тым, што бязвусы яшчэ Яраслаў так хутка перакінуўся на Глебавіча. Але ж у яго і княжыч — зух! Вячку такога б княжыча — о, колькі б яны зрабілі!..

Святаслаў роспачна ўзняў на яго сцямнелыя вочы. Маўчаў, цяжка і зласліва. Маўчаў...
Але неспадзеўкі выпрастаўся, адкінуў з твару пасівелыя пасмы і нечакана гучна, страшна зарагатаў.

— А што, Вячку, мо і дзеўку гэтую друцкую з сабою ўзяў? Га? Што вяночкі мне калісь пляла... Цяперака атруціць хіба, га?

— Варка цябе, браце, больш за іншых любіла... Не такая яна! — Вячка абурана ўспыхнуў, міжволі сціскаючы рукі ў кулакі, нібыта быў не ў княжацкіх пакоях, а на вясковым гумне.

Святаслаў, прыжмурыўшыся, ухмыльнуўся. Пальцамі, закутымі ў пярсцёнкі, лагодна пастукваў па скураных похвах.

— Затое ты такі, Вячку. Каін.

Здавалася, што з яго, бы шкарлупінне, пасыпалася ўся лютасць. Хто ведае, што рабілася ў душы ягонай...
Мабыць, узгадка Варкі, якая, сапраўды, любіла яго калісьці як бацьку, трохі сцішыла ягоны шал. А можа, гэта проста была пакора Ноя, які ведаў, што ўсіх няверных хутка пажрэ вада. А ён будзе жыць. Валадарыць.
Стары воўк жывіцца падлай, але і падла бывае розная...

— Скажы, каб ставілі майго каня. Няма мне пра што з табою гаворку весці.

Святаслаў, зноўку, як і раней, прамы, велічны, лёгка ўскінуў на плечы сваё ваўчынае футра.
Вячка з выглядам пераможцы крыкнуў па служак. Малады, ён не разумеў яшчэ, як стрымаць сябе, як быць зацятым і халодным. Урэшце, ён не мог быць халодным — галава занадта гарачая.

— Але ж, Святаславе, я назаўсёды сябар твой і паплечнік! — кінуў, нібыта нядбайна, але ўсё ж з рэшткамі той пашаны, якая калісьці кайданамі трымала яго ў Полацку.

Святаслаў не абярнуўся.

— Каін Авелю таксама быў добры паплечнік.

І выйшаў.
І зноў было — залатое свячэнне вакол высокага ілба, строгія рысы ў змрочным маўчанні.
І жорстка сціснутыя на Рагвалодавым мячы пальцы.
І пярсцёнкі — чырвоныя, бы кроў.