Work Text:
З гномамі цяжка весці справы, і Трандуіл ужо амаль шкадаваў, што распачаў усё гэта. Так, у гномаў, што засялілі Самотную гару, сапраўды былі таленавітыя майстры, і больш за тое — выдатныя ўмовы для працы з металам і каменнем. Але ж характар!
“Ганарліўцы,” — думаў сам сабе Кароль лясных эльфаў, ідучы ад парадных варот да шатроў, якія паставіла пасольства эльфаў на час перамоў. — “Дый ці варта давяраць ім? Якія б ні былі іхнія майстры...”
— Прашу прабачэння.
Грубы голас перарваў роздум караля, і ён са здзіўленнем паглядзеў уніз, на крыніцу гука. Ля эльфійскага лагера стаяў гном — ну вядома, хто ж яшчэ тут возьмецца. Гном нервова пакусваў вусны, так што барада ягоная варушылася, і намагаўся схаваць у далонях нейкі невялікі пакуначак. Капітан каралеўскай варты Феран, які ішоў поруч з Трандуілам, насцярожыўся.
— Слухаю цябе, о гном, — ветліва прамовіў кароль.
— Прашу прабачэння, што турбую вас, — зноў распачаў той. — Я... быў учора на прыёме, але наўрад ці Ваша вялікасць памятае...
Каб гном назваў эльфійскага караля “Ваша вялікасць”? Трандуіл ледзь утрымаўся, каб не паказаць здзіўлення, і прыглядзеўся да гнома ўважлівей. А прыглядзеўшыся, здзіўлення ўжо не стрымаў:
— Торын, унук Трора. Нечакана сустрэць цябе тут.
— Вы запомнілі мяне...
Гном пачырванеў, ці падалося?
— Я... я зрабіў для вас нешта. Падарунак. Падаруначак, ён невялікі, што паспеў за ноч, — гном нервова развязаў пакунак і паказаў эльфам бранзалет з зялёнага камення. — Кажуць, што ваш лес цяпер чорны, але ж некалі ён мусіў быць зялёным, праўда? І смарагдавы бранзалет прыгажэйшы, чым з чорнага оніксу. Зялёны будзе лепш пасаваць да вашых шэрых вачэй, Ваша вялікасць... — цяпер гном дакладна пачырванеў, але ўпарта працягнуў: — Дазвольце падарыць яго вам?
— Гэта небяспечна, — папярэдзіў Феран на сіндарыне.
Так, улічваючы “цеплыню” прыёму, браць падарунак ад унука гномскага караля можа стацца не самым разумным учынкам. Аднак бранзалет сапраўды быў са смарагдаў — адзін да аднаго, аднолькава апрацаваныя, яны блішчэлі ў промнях заходзячага сонца. Да таго ж Трандуіл будзе пільным.
— Дазволю, — усміхнуўся гному Трандуіл. — Дзякую, Торын, унук Трора.
**
У святле свечак унутры шатра бранзалет блішчэў ці не прывабней, чым у сонечным праменні. Але ж хто глядзіць на бранзалеты, калі іх можна насіць?
Трандуіл насунуў падарунак на запясце.
Адразу ж успомніўся й дарыльшчык. Падчас прыёму ён заўсёды быў недзе збоку, не ўдзельнічаў у цырымоніях, але быццам быў зацікаўлены эльфамі — прынамсі Трандуіл некалькі разоў адчуваў на сабе ягоны дапытлівы позірк. Што ён там казаў?.. Сам зрабіў за ноч? Таленавіты юнак, калі не маніць... І нават выглядае няблага — для гнома, зразумела...
Што?
Трандуіл страсянуў галавой і ссунуў бранзалет з рукі. Думка пра постаць гнома была занадта дзіўнай, каб быць яго ўласнай. Дый зараз, без бранзалета на руцэ, унук Трора не вызначаўся нічым асаблівым — гном і гном.
А калі зноў апрануць?
На руцэ бранзалет выглядаў чароўна, і бляск камянёў нагадваў вочы Торына — хаця тыя былі блакітныя, а не зялёныя. Гэткія блакітныя, глыбокія, разумныя вочы...
Але ж я нават не глядзеў у ягоныя вочы, запярэчыў сабе — не, бранзалету — Трандуіл.
Але калі б паглядзеў, то ўбачыў бы, што яны разумныя. І для гнома ён нават прыгожы. І зусім не ганарлівы.
Трандуіл ледзь не рассмяяўся, здымаючы бранзалет ізноў. Вось дык гном з сюрпрызам! Якім чынам ён такое зрабіў? Ды за адну ноч? Пра магію гномаў Трандуіл нічога не чуў за сваё некароткае жыццё, але гэта не значыла, быццам яе не было. Гномы мусілі бараніць свае таямніцы, асабліва ад эльфаў. Але цяпер у яго з’явілася магчымасць наблізіцца да такой таямніцы.
— Што ж, Торын, заінтрыгаваць мяне ты дакладна здолеў, — прамармытаў сабе пад нос эльфійскі кароль. — І ў тваіх інтарэсах будзе падзяліцца сакрэтам гэтага бранзалета, каб не стацца прычынаю вялікага скандалу...
Адное Трандуіл цяпер ведаў дакладна: паход да Самотнай гары быў не дарэмным.
27.04.2023
