Actions

Work Header

Памада

Summary:

Дзяўчаты пераблыталі рэчы пасля начоўкі, і нечаканай уладальніцай дзіўнай залацістай памады стала Карнэлія.

Notes:

Фік на "The 100 Ships Prompt Challenge". Тэма нумар 64: Сонечнае святло (Lipstick)

Work Text:

Карнэлія збянтэжана ўтаропілася на цюбік губной памады. Закрыла каўпачок ды зноў яго зняла, быццам спадзявалася, што гэта нейкі дурны жарт ці мімалётнае памутненне розуму. Але вочы яе не падманвалі: гэта сапраўды была не яе памада.

Карнэлія ніколі б не набыла такую, з металічным адлівам, ды і колер быў зусім не падобны на той, што яна звычайна насіла. Замест пастэльна-ружовай, нюдавай матавай памады ў цюбіку было нешта светла-жоўтае, нібы залацістае. Карнэлія нават уявіць сабе не магла, што магла б абраць нешта такое ў краме. І сапраўды, калі яна паглядзела на донца цюбіка, то ўбачыла незнаёмыя лічбы. Гэта была не яе памада — тая ж марка, тая ж упакоўка, таму яна спачатку і не заўважыла розніцу, але, тым не менш, не яе.

Карнэлія паглядзела на сябе ў люстэрка. На ніжняй губе блішчэла залатая памада: яна пачала машынальна фарбавацца, не вельмі звяртаючы ўвагу на сваё адлюстраванне, але хутка спынілася. Шчыра кажучы, гэты дзіўны колер не тое каб ёй не пасаваў — мяккі, трошкі халодны залаты на дзіва прывабна выглядаў з яе светлымі пшанічнымі валасамі, да і цёмна-зялёны кардыган, які яна вырашыла сёння апрануць, таксама файна спалучаўся з залацістым колерам. Але гэта было так нязвыкла, што адразу кідалася ў вочы.

 — Карнэлія, дзе мая… Вой! — усклікнула Ліліян, зазірнуўшы у пакой. Грукаць у дзверы яна дагэтуль не прывучылася. — Чаму ў цябе вусны блішчаць? — і, не чакаючы адказу, абярнулася і крыкнула кудысьці: — Мама, у Карнэліі вусны блішчаць!

 — Ліліян! — зашыпела Карнэлія, але яе сястра ўжо паскакала ўніз, на першы паверх — маці ўсё расказаць, не інакш.

Карнэлія зноў павярнулася да люстэрка, ацэньваючы колер. Змыць ці не змыць? Змыць, канешне, было б лепш — падумаць толькі, бліскучая памада, ну што за бязглуздзіца! — але тады прыйдзецца выходзіць на вуліцу зусім без памады, і гэтая думка была для яе цалкам абсурднай. Карнэлія вытрасла ўсё з касметычкі на трумо, але яе надзея не апраўдалася: іншай памады там не было. Дзе б яна не схапіла гэты дзіўны цюбік, сваю памаду яна, відавочна, там і пакінула. Карнэлія раздражнёна фыркнула. Яна так прызвычылася штодзень фарбавацца гэтай памадай, што сама думка пра тое, каб выйсці на вуліцу з іншым макіяжам, яе нервавала.

І тут адначасова запілікаў мабільнік на камодзе, і ў пакой зазірнула мама, за якой хвосцікам круцілася Ліліян.

 — Бачыш, бачыш? — затараторыла малая. — Ну цяпер ты мне верыш?

 — Ліліян, сонейка, кінь гэтыя глупствы… Ох, — мама нарэшце разглядзела тую самую памаду ў адлюстраванні старэйшай дачкі. — Карнэлія, што гэта?..

Адступаць і хавацца было нельга — гэта было ў жыцці Карнэліі аксіёмай, даведзенай да аўтаматызму шматлікімі выступленнямі. Тэлефонны званок таксама раздражняў, не даваў сесці і спакойна падумаць. І Карнэлія, раззлаваўшыся на маленькую сястру, якая ўвесь час ўсё дакладвала маці, схапіла злашчасны цюбік памады і закончыла фарбаваць вусны. Пальцы яе трошкі дрыжалі, і ёй прыйшлося дастаць папяровую сурвэтку і трошкі паправіць памаду там, дзе атрымалася не ідэальна. Гэта нічым не адрознівалася ад спаборніцтваў, дзе Карнэлія шырока ўсміхалася нават тады, калі нясцерпна балелі мышцы ды строгі позірк трэнеркі чапляўся за кожную недарэчнасць. Вось і зараз Карнэлія пасміхнулася сабе; мабільнік між тым скончыў сваю ціхую, але бадзёрую мелодыю, і ў той жа момант загаласіў зноў.

 — Мы з сяброўкамі пойдзем на набярэжную, — Карнэлія адказала маці, быццам бы не зразумела, пра што тая пытаецца, — я табе казала.

Карнэлія яшчэ раз прыдзірліва агледзела сябе ў люстэрку: і карычневую туш на вейках, і далікатна падрысованыя бровы, і ідэальна прамы прабор; на вусны і бліскучую памаду яна старалася не глядзець. Яна хуценька паднялася, разгладзіла спадніцу, падхапіла сумку ды мабільнік і праціснулася міма матулі, якая так і застыла на парозе яе пакоя.

 — Каб да дзесяці была дома! — аклікнула яе маці, калі Карнэлія ўжо спускалася ўніз па лесвіцы.

Дзяўчына ёй памахала, праігнаравала Ліліян, якая паказала сястры язык, і нарэшце адказала на званок — мабільнік як раз пачаў званіць у трэці раз.

 — Алё? — безуважліва сказала Карнэлія. У яе галаве круцілася толькі: “Ці глядзіць на мяне хтосьці? Ці заўважыў хтосьці… Так, галаву вышэй, развярнуць плечы…”.

 — Карнэлія, чуеш мяне? — прыцягнуў яе ўвагу голас Хай Лін з тэлефону, і сэрца Карнэліі зрабіла кульбіт.

 — Дрэнная сувязь, што ты казала? — запыталася яна, дзякуючы богу, што ніхто не можа ўбачыць, як пачырванелі яе шчокі. І чаму яна такая рассеяная сёння? Спачатку памада гэта, і потым..

 — Кажу, спазняюся, бацькі папрасілі дапамагчы, — пратараторыла Хай Лін. — Не сыходзьце без мяне!

 — Я сама толькі выйшла, — адказала Карнэлія. — Калі табе чакаць? — запыталася яна і накіравалася ў бок аўтобуснага прыпынку.

 — Мабыць праз паўгадзіны? — няўпэўнена сказала Хай Лін. Нешта зашуршала — напэўна, Хай Лін прыкрыла трубку далонню, і Карнэлія пачула, як тая пракрычала нешта па-кітайску, а потым дадала: — Бывай!

 — Пабачымся, — адказала Карнэлія, і Хай Лін у той жа момант кінула трубку.

І тут Карнэлія нарэшце ўспомніла. Калі б яна не была ў гэты момант на вуліцы, дакладна закаціла б вочы. Ну чаму адразу не здагадалася? Цяпер, калі яна прыгадала, дзе магла пакінуць сваю памаду, усё было відавочна. Карнэлія паспешна набрала Хай Лін, але тая ўжо не адказвала — відаць, была занятая з бацькамі.

Яны гэтымі днямі збіраліся на начоўку ў Хай Лін — не ўсе, бо Віл ды Тарані не дазволілі пайсці бацькі, — і потым раніцай Карнэлія фарбавалася каля люстэрка сваёй сяброўкі, сярод хаатычна раскіданых флакончыкаў з лакам, нейкіх нататнікаў, рознакаляровых стужачак, налепленых там-сям паперачак з напамінамі, і, канешне, з разнастайным макіяжам.

А потым Ірма неяк недарэчна павярнулася, змахнула на пол некалькі цюбікаў ды бутэлечак, — дзякуй богу, нічога не пабілася, — і яны ўтрох хуценька кінуліся расстаўляць рэчы Хай Лін на месца, а рэчы Карнэліі запіхнулі ў касметычку.

З усіх яе сябровак толькі Хай Лін магла набыць нешта такое, і вось цяпер нечаканай уладальніцай дзіўнай залацістай памады стала Карнэлія. Элегантная, далікатная звонку Карнэлія. Правільная, рацыянальная Карнэлія. Упартая, ганарлівая Карнэлія.

І наступстваў ейнай упартасці нават чакаць не прыйшлося.

 — Корні!

Карнэлія рэзка азірнулася на голас. Яна настолькі задумалася, што цалкам машынальна села ў аўтобус і праехала некалькі прыпынкаў, якраз у бок таго раёна, дзе жыла Ірма. І, відаць, сёння Карнэліі не шанцавала, бо Ірма села на той жа самы аўтобус — а з усіх яе сябровак Ірма была самая вострая на язык, нават калі па-добраму жартавала. І, азірнуўшыся, Карнэлія ўбачыла, як змянілася ўсмешка Ірмы ў той жа самы момант, як тая заўважыла нязвыклы макіяж. Уздыхнуў, Карнэлія памахала рукой, пакуль Ірма спяшалася да яе праз увесь аўтобус.

 — Маўчы, — сыкнула Карнэлія хутчэй, чым Ірма паспела адкрыць рот. — І я кожны раз табе кажу…

 — Не называць цябе “Корні”, ага, — Ірма надзьмула губы. — Ну я такі жарт ужо прыдумала!

 — Я нават не сумняваюся.

Карнэлія перакінула валасы цераз плячо і села ў паўабарота да Ірмы. Тая ледзь не трымцела ўсім целам — настолькі яе перапаўнялі эмоцыі. Карнэлія зрабіла выгляд, што разглядвае свой далікатны французскі манікюр, потым кінула позірк у акно. Трэба было праехаць яшчэ некалькі прыпынкаў.

 — У цябе сёння спатканне? — не вытрымала і спытала Ірма. Разгубленасць Карнэліі немагчыма было не заўважыць, і Ірма дадала: — Пасля нашай прагулкі? Увечары?

Карнэлія фыркнула:

 — Быццам бы мяне адпусцілі кудысьці позна.

 — Твае бацькі, у адрозненні ад майго таты, хаця б не тэлефанавалі бацькам Хай Лін пяць разоў, калі мы сабраліся на начоўку. Гэта такі сорам! — паскардзілася Ірма. — Быццам бы я дзіцё нейкае… Мне ўжо чатырнаццаць! І ўсё ж такі, — у яе зноў загарэліся вочы. — Хлопец? Хто ён? Ці гэта сакрэт? Даўно вы спаткаецеся? Вы цалаваліся ўжо?

 — Ірма! — зашыпела Карнэлія. Тое, што ў яе ўвесь твар пачырванеў, зусім не дапамагала. — Глупства кажаш! Няма ў мяне аніякага хлопца!

 — Не-а, — памахала пальцам Ірма, выразна вылучаючы кожную галосную. — Дэтэктыў Лэр дашукаецца праўды ў гэтай справе! — яна нахілілася бліжэй. — Ён з нашай паралелі ці старэйшы? На год, два?

 — Так цяжка паверыць, што я проста эксперыментую са стылем? — стомлена ўздыхнула Карнэлія. Яна паспела ўжо некалькі разоў пашкадаваць аб сваім рашэнні.

Ірма гучна рассмяялася, і жанчына ў некалькіх радах ад іх абярнулася і кінула незадаволены погляд. Карнэлія вінавата ўсміхнулася ў адказ, прашаптала аднымі вуснамі “прабачце”.

 — Корні, ты ўвесь час, што мы ведаем адзін аднаго, набываеш не толькі адзін і той жа брэнд — адзін і той жа смак ёгурту. Больш нязменнага чалавека я, напэўна, яшчэ не сустракала!

Карнэлія паджала вусны, але не знайшла, што адказаць. Шчыра кажучы, уважлівасць Ірмы час ад часу пужала. Аднак адказала Карнэлія цвёрда:

 — Няма ў мяне нікога.

У Ірмы на твары было напісана, што яна ніколечкі не верыць, але пытанні на гэтым спыніліся — да нейкага часу.

У параўнанні з допытам, які ўчыніла Ірма па дарозе, астатнія сяброўкі адрэагавалі больш-менш нейтральна. Віл спачатку не звярнула ўвагі (Карнэлія амаль абразілася), але заўважыла “дэтэктыўны” настрой Ірмы і прама спытала, што ёй так не церпіцца расказаць. Тарані са сваім натрэніраваным вокам фатографа нічога не прапусціла — нават зрабіла Карнэліі камплімент. Гэта трошкі палепшыла яе настрой, але ад прапановы паўдзельнічаць у нейкім праекце мадэллю (менавіта з нейкім незвычайным макіяжам) яна мякка адмовілася.

Хай Лін...

Хай Лін увесь вечар глядзела на яе так, быццам бы ўпершыню ўбачыла, і Карнэлія чырванела кожны раз, калі кідала позірк на сяброўку. У той момант, калі яны сустрэліся, Хай Лін умомант апынулася перад Карнэліяй, ціха вохнула ды застыла, нібы над імі раскрыліся нябёсы. Ірма абхапіла іх абедзвюх і запытала Хай Лін, як ёй падабаецца новы “стыль” Корні, і тая хацела праваліцца под зямлю так моцна ў гэты момант, што чэзлы куст побач з імі зазелянеў ды раздаўся ў шырыню за некалькі секунд, ды ледзь не паглынуў дзяўчат у сваіх галінах. Дзякуй богу, нікога непасвячонага ў іх таямніцу побач не было.

Карнэлія, паглыбленая ў гэтыя думкі, нават не заўважыла, як пачало змяркацца. Пасля абдымкаў і развітанняў, дзяўчаты пачалі разыходзіцца ў розныя бакі, і Хай Лін запытала яе ціха:

 — Зойдзеш да мяне?

Карнэлія паглядзела на мабільнік.

 — У мяне не так шмат часу...

Хай Лін узяла яе за руку, перапляла іхнія далоні, і Карнэлію ахапіў жар з ног да галавы.

 — Мы зусім блізка, — адзначыла Хай Лін, — зойдзеш забярэш сваю памаду. Ты ж у мяне яе пакінула, так?

Карнэлія кіўнула ды прамармытала сеўшым голасам:

 — Так, я выпадкова ўзяла тваю, — і паспешліва дадала: — толькі яна дома, я не брала з сабой...

Хай Лін адмахнулася свабодная рукой, і пацягнула Карнэлію наперад.

 — Пакінь сабе, — і паглядзела з нейкімі іскрамі ў вачах, — табе больш пасуе.

Карнэлія не прараніла ні слова, пакуль яны паспешліва ішлі да дому Хай Лін. Яна павіталася з яе бацькамі, якія яшчэ працавалі на першым паверсе — а Хай Лін крыкнула ім нешта па-кітайску, пакуль падганяла Карнэлію, цягнуўшы яе ў бок лесвіцы. Дзяўчаты спыніліся толькі на парозе пакою Хай Лін.

 — Пачакай трошкі, — яна прашмыгнула ў пакой. Краем вока Карнэлія заўважыла, што там яшчэ большы беспарадак, чым быў учора, і пакачала галавой. Яна заўважыла люстэрка, што вісела ў калідоры, і прыглядзелася: прычоска трошкі растрапалася, пакуль яны з сяброўкамі шпацыравалі, і Карнэлія прыгладзіла валасы, наколькі магчыма. Макіяж быў у поўным парадку, як заўсёды — ну, акрамя памады. Тут, у прыцемку калідора, дзіўны колер не так кідаўся ў вочы. Карнэлія нават пракруцілася перад люстэркам, назіраючы за тым, як памада далікатна блішчыць пад прыглушаным святлом. “Мабыць, Тарані з Хай Лін усё ж такі маюць рацыю”, — падумала Карнэлія, і, прыгадаўшы камплімент Хай Лін, зноў пачырванела.

 — Во, знайшла! — выйшла нарэшце Хай Лін. Карнэлія схапіла цюбік памады, які тая трымала, праверыла нумар на донцы, адкрыла, паглядзела — так, гэта яе. Яна зноў глянула ў люстэрка, ацаніла залатую памаду — не так ужо і дрэнна яна выглядала, але Карнэлія ўвесь дзень прагнула нейкай нармальнасці, таму яна запыталася:

 — Ё нейкая змыўка для макіяжу? Я хачу перафарбавацца.

 — Есць лепшы варыянт, як зняць з цябе памаду, — дурасліва, але ціха сказала Хай Лін, якая пільна назірала за ёй увесь гэты час.

Карнэлія моўчкі ўтаропілася на яе. Унутры быццам бы палала вогнішча, якое яна не магла патлумачыць, і якое няясна, але балюча нагадвала ёй пра Эліан. Хай Лін раптам залілася чырванню нават больш, чым сама Карнэлія раней.

 — Прабач, глупствы кажу, — прамармытала яна, — зараз, я пашукаю...

Ад перапалоху Хай Лін вакол іх ускалыхнулася паветра, і Карнэлія схапіла яе за руку. Аблізнула вусны, якія раптам перасохлі, і Хай Лін прасачыла за гэтым рухам, нібы загіпнатызаваная.

Карнэлія нахілілася, прыкрыла вочы і датыкнулася вуснамі да вуснаў, амаль бязважка, нібы Хай Лін магла знікнуць у паветры ад аднаго гэтага дотыку. І яшчэ, і яшчэ, пакуль унізе не загрукатаў гучна посуд — дзяўчаты адскочылі адна ад адной.

Вусны Хай Лін блішчалі.

Яна глянула ў люстэрка ды фыркнула:

 — Так, табе гэты колер больш пасуе.

 — Глупства, — сказала Карнэлія і таксама паглядзела ў люстэрка. Памада — ці то, што ад яе засталося — была неакуратна размазана, і Карнэлія ажно ўся затрымцела, убачыўшы гэта. Са смеласцю, якой яна дагэтуль не адчувала ніколі, Карнэлія запыталася: — Яшчэ трошкі засталося, дапаможаш, м?

Series this work belongs to: