Actions

Work Header

Чорны

Summary:

Чара Ніца быццам увасабляе сабою чорны колер — да той ступені, што немагчыма ўявіць яе ў нейкім іншым.

Notes:

Раптоўна прыйшла гэтая дзіўная ідэя, і я не здолела ад яе адмахацца.
Але ж яны выключна добра глядзеліся б разам.

Adora Belle Dearheart -> Чара Ніца Сардэчная
Moist von Lipwig -> Вільгац вон Ліпвіг

(See the end of the work for other works inspired by this one.)

Work Text:

Чара Ніца быццам увасабляе сабою чорны колер — да той ступені, што немагчыма ўявіць яе ў нейкім іншым. Чорны і Чара так цесна сплеценыя паміж сабою ва ўяўленні Ангвы, што яна нават здзіўляецца, калі прасціна на ложку аказваецца звычайнай, белай.

Пацалункі, аднак, не чорныя. Яны шэрыя, як дым цыгарэт, якія Чара паліць амаль увесь час. Пацалункі шэрыя, і спачатку Ангве падаецца, быццам яна вылізвае попельніцу, прычым у сваім воўчым увасабленні. Аднак хутка яна прывыкае, і ўжо не можа ўявіць, каб Чарыны пацалункі смакавалі неяк іначай.

Каханне таксама чорнае, яшчэ й таму, што няправільнае. У Ангвы ёсць Морква, і яна безумоўна яго кахае. У Чары ёсць Вільгац, і Ангва не жадае паглыбляцца ў іхнія стасункі. Жывуць яны, здаецца, разам, але ці ведае Вільгац нешта? Ангва цалкам можа ўявіць Чару, якая кажа Вільгацу, каб ён не з’яўляўся дома бліжэйшыя некалькі гадзін, бо ў яе спатканне з палюбоўніцай — і Вільгац моўчкі слухаецца. Гэтак жа лёгка яна можа ўявіць, што Вільгац ні пра што не ведае.

У той жа час нерэгулярныя сустрэчы Ангвы і Чары Ніцы — заўсёды на тэрыторыі Чары — ужо перайшлі ў катэгорыю рэгулярных, хаця й рэдкіх.

Гэта нядобра. Часам пачуццё віны так грызе Ангву, што яна гадзінамі бегае па Анк-Морпорку ў воўчым увасабленні, каб толькі не адчуваць згрызоты сумлення. (Да таго ж калі яна воўк, то ўсе драпіны ды ўкусы, якія пакідае на ейнай скуры Чара, гояцца значна хутчэй...)

 

— Пра што задумалася?

Чара ляжыць на белай прасціне, і з чорнага на ёй зараз толькі валасы.

— Ні пра што, — хлусіць Ангва. Маральныя пакуты лепш адкласці на пасля.

І кахаюцца яны па-чорнаму, не шкадуючы адна адну, дорачы боль і асалоду адначасова. Ангве трэба так, хаця б час ад часу. Морква не здольны зрабіць ён балюча — не, не так, ён зробіць, калі яна папросіць, але будзе пачувацца вінаватым, і гэта будзе не тое. З Чарай — тое. Так, як трэба.

Пасля Чара паліць цыгарэту ў сваім чорным муштуку. А пасля яны зноў цалуюцца, ужо лагодна, не кусаючы адна адну за вусны. І Ангва ляніва думае, што Чара не паліць адное калі спіць і кахаецца. Шэры дым падымаецца ўверх над ложкам і слізгае ў прыадчыненае акно.

 

Часам Ангве падаецца, што насамрэч Морква ведае — проста таму, што ён ведае ўсё, што адбываецца ў горадзе. Ведае і, што самае паскуднае, разумее і прымае. Гэтае ўсёразуменне Морквы часам даводзіць яе да шаленства, бо нельга, немагчыма быць такім дасканалым. Але ж — магчыма.

Часам Ангва баіцца, што ўсё тое, што адбываецца паміж ёю й Чарай, адбываецца проста таму, што яна хоча справакаваць Моркву на хоць якую простую, нізкую чалавечую рэакцыю. Але потым Чара выдыхае шэры дым, глядзіць на яе, усміхаецца чырвонымі прыпухлымі вуснамі — і ў ейных чорных вачах мільгаюць цёплыя знічкі. І тады Ангва дакладна ведае, што не, гэта ўсё не з-за Морквы, гэтае чорнае каханне тычыцца толькі яе й Чары. І ўсміхаецца сваімі пакусанымі вуснамі ў адказ.

 

 05.05.2023