Work Text:
Альфа-Цэнтаўра крэпка спіць. Сузор'і асвятляюць цмяным святлом новенькі домік з зялёным дахам, пад якім две магутныя і старыя як тыя зоры істоты бавілі свой мядовы месяц. А ноччу маладым, як павялося, не да сну.
- Габрыле, а давай медавухі жахнем, га?
- Меда-.. ву.. Што за яна?
- Алкагольны напой, на мёдзе.
- А мёд – гэта…
- Ну мёд, ведаеш? Сіропчык жоўты, мае мушаняты яго багомляць проста. Салодкі такі, лапкі абліжаш. Я з Зямлі наважыла.
Арханёл задумленна змоўк. З аднаго боку – ён ня вельмі любіў зямную ежу і розныя напоі, Габрыіл увогуле лічыў гэта доляй людзей – уліваць сабе ў глотку ўсялякую дрэнь, каб адчуць асалоду ад жыцця, у анёлаў такой патрэбы немае. Але з другога боку, хацелася і жонцы дагадзіць. Усё ж такі, мядовы месяц. Чаму б не пакаштаваць гэтай, як яе?.. Спроба не хвароба!
-Што ж, будзьма!
-Будзьма!
Чаркі звонка стукнуліся і Вельзевул ліха пракінула сваю ў рот, злёгку зморшчыўшы смуглы твар – яна яшчэ толькі прызвычайвалася да зямной выпіўкі, але рабіла гэта з уласцівай для княгіні пекла ўдаллю. Габрыіл спярша шмальцаваў сваю чарку, паціху перабіраў яе ў пальцах, але пільны позірк жонкі прымусіў яго схамянуцца: у рэсьце рэшт, арханёл ён ці чорт лысы? Няўжо не дасі рады чарцы медавухі? Божы глас шумна выдахнуў і прыкончыў сваю чарку ў адзін буйны глыток.
Святы рот ураз апякло, у горле закалолі віламі чэрці, фіялкавыя вочы наліліся вільгаццю. Вельзевул глуха засьмяялася і ласкава хлопнула мужа па плячу, з-за чаго той крыва хіснуўся ўбок.
-Ну ты зух, Габрыля! Малайчына! – у носе анёла быццам заселі нябачныя чарцяняты і пачалі калоць Габрыіла сваімі рожкамі знутры. Вось нягоднікі.
-Ну што, яшчэ па адной? У чалавекаў звычай ёсць: як нальюць келіх - называюць імя таго, у чый гонар п’юць. Тост завецца.
Габрыіл гакнуў і панюхаў пустую чарку – “ брыдота несусьветная” – але ўслых сказаў: - У мяне здаецца, ёсць такі… тост.
Вельзевул хітра прышчурыла чорныя вочы і наліла мужу да краёў пахкай вадкасці з бутэлькі.
- За мяне! – Габрыіл фанабэрыста ўскінуў падбародак, па сваёй арханёльскай звычцы абвёўшы пусты пакой ганарлівым позіркам. Вельзевул выпрастала плечы і паказала вострыя зубы ў крывой усмешцы: яна ясна адчула ў паветры гардыню. Яе ўлюблены грэх. Ну што за муж у яе, любата!
-За цябе, арханёл Габрыіл, Архістратыг, глас божы, усемагутны, хто адкрываў таямніцы смяротным, хто перадаў Каран Мухамеду, хто быў спасланы знішчыць Дракулу!
Габрыілаў твар запалаў, і ён сам ужо не ведаў, ці то ад медавухі, ці то ад словаў жонкі. Язык пакрысе пачаў развязвацца, і Габрыілу гэта нават падабалася. Не трэба падбіраць словы, думаць над тым, што скажаш. Проста…гавары і усё. Вельзевул не будзе кожнае слова па каранях разбіраць, як Міхаіл. Яна проста будзе слухаць.
-Алкаголь трэба заесці. – Вельзевул прыдвінула да мужа сподак з салам і агуркамі. – Сама не люблю, але ў інтэрнэтах пішуць трэба, бо паплывеш. – Яна з рашучай агідай запхала ў рот некалькі скрыляў сала і пачала старанна жаваць.
-Не, я ня буду. – Ад выгляду ежы Габрыілу заўсёды рабілася млосна. – Налей яшчэ. Я тост прыдумаў.
Анел адкінуўся на спінку фатэлі і пазірнуў на жонку з-пад паўпрыкрытых век. Чарка ў руцэ зноў пацяжэла.
-Я хачу выпіць за Баал-Зебуба, ўладарыню мух, за праціўніцу святога Францыска, за ўвасабленне абжорства і марных багоў, за тую, каму пакланяліся фінікійцы і філістымляне!
Шчыра кажучы, Вельзевул сама ня вельмі любіла ўспамінаць свае тытулы, але з вуснаў Габрыіла яны гучалі неяк… больш самавіта, ці што? Габрыіл умее гаварыць. Не, не гаварыць. Абвяшчаць. Пэўна. Па смуглых шчаках папоўз нясмелы румянец. Вельзевул працяжна паглядзела на анёла, зьбянтэжана пасміхнулася і моўчкі выпіла сваю чарку. Карак бутэлькі гучна хлопнуў. – Я таксама прыдумала тост.
***
-Як пачуваесься, Габрыль? – Вельзевул выглядала трошкі спалоханай. Габрыілу, здаецца, упершыню за вечнасць было так весела і лёгка. Колькі тостаў яны ужо абмылі? Ня менш за 10, пэўна. Анёл ікнуў і засьмяяўся грамчэй чым хацеў.
- Файна, Веля. Давай яшчэ адзін… - ён грузна ўдарыў на стале далонню пад жаласны бразгат амаль пустой бутэлькі. – Тост! Вып’ем за мяне!
-Пілі ўжо, пілі. Досыць, півун, паплыў ужо.
- Тады…Ік! За цябе! Давай!
-І за мяне пілі. Тры разы. Давай цвярозець, зюзь крылаты.
-Сама крылатая. Ты ж херувімам –Ік! – была…
-Анёлам ляцела ды чортам села. Не чапай мінулае.
-Я… хачу чапаць. Чапаць. Буду.– Вочы Габрыіла міжвольна заплюшчваліся. Ён ня ведаў як цвярозець, але, калі шчыра, зараз гэта не вельмі хацелася рабіць. Салодкая мядовая млявасць разлілася па целе, прыціснула канечнасці долу.
- Веля.
-М?
- А калі б я прызваў цябе? Ну, як дэмана. Ты прыйшла б?
- Хіба ты ведаеш, як? – Кпіць з п'янага анёла было весела.
"Сам прызываў мяне разоў пяць, чаго пытае? Няўжо медавуха так моцна памяць адбіла?"
Вельзевул паціснула плячыма, скідваючы ап’яненне. Карысны навык для півуноў.
- Я ўсё ведаю. Арханёлы ўсё ведаюць.
"А пра мёд дагэтуль ня ведаў. Брахун." - з цеплынёй падумала Вельзевул.
- Там нічога складанага, малюеш кола, сёе-тое з бакоў, а ў цэнтр літару “В” вялікую.
- Ну няхай. А прычына прызыву якая?
Габрыіл небяспечна пахіснуўся корпусам уніз і Вельзевул асцярожна падхапіла мужа за плечы. Не такі ён пагрозлівы, калі нап’ецца. Бездапаможны, што цуцык сляпы. Чароўна.
- Прычына… хм. Медам пачаставаць. – Габрыіл сіпла засьмяяўся, запракінуўшы галаву.
Вельзевул вырашыла, што навучыць яго цвярозець неяк іншым разам. Крайкі тонкіх вуснаў узняліся.
- Прышла б, вядома.
