Work Text:
Лань Січэнь ніколі не ведаў, чым здзівіць А-Яо, акрамя як выдатна натрэніраванымі прыёмамі бойкі. Усё, што датычылася стасункаў паміж людзьмі — і добрае, і злое, — той бачыў, пакуль рос у бардэлі. Інтымныя практыкі з забароненых у Гусу кніг, якія прымушалі шчокі Лань Січэня ружавець, а сэрца — біцца хутчэй, не выклікалі ў А-Яо ніякага хвалявання, толькі абяцанні неяк паспрабаваць, калі захочацца.
А-Яо не быў халодным — проста замкнёным. Ён пасміхаўся ў адказ на дотыкі, любіў абдымкі, не саромеўся прасіць ласку, а ўсё роўна чагосьці не хапала. Тады Лань Січэнь звярнуў увагу на кнігі іншага характару — не пра фізічны бок стасункаў, а духоўны. Такія кнігі ў бібліятэцы Воблачных Глыбінь не хаваліся. У нешматлікіх скрутках ён знайшоў шмат тэорыі і мала сапраўднай мудрасці, але нататкі аднаго рамантычнага продка абяцалі прынесці карысць.
Той апісваў намаганні дагадзіць сваёй маладой мадам Лань. І вершыкі пісаў, і наладжваў прагулянкі пад зорным небам, і масаж рабіў, што варта было апісаць у іншай кнізе, якую б потым прыхавалі разам з астатнімі, але самым цікавым здавалася практыкаванне, дзе кожны па чарзе гаварыў кампліменты. Спачатку адзін пяць прыемнасцяў, а потым іншы свае пяць. Прыемнасці павінны былі тычыцца нечага інтымнага. Нельга было абмяняцца звычайнай ветлівасцю — неад’емным складальнікам добрага выхавання.
Лань Січэнь адзначаў добрую памяць А-Яо, яго хуткае асваенне гуціна, яго стараннасць, дзякаваў за згоду на шлюб, за мяккую натуру, за гатоўнасць дагадзіць строгаму дзядзьку ці за дапамогу простым людзям… Чаго толькі ні сказаў за некалькі гадоў! Але кампліменты іншага роду высказваць услых было сорамна. І прымушаць А-Яо чырванець і запінацца не хацелася — не патрабаваннем прыдумваць усхваленні.
Лань Січэнь знайшоў выйсце. Адным спакойным вечарам ён узяў далоні А-Яо і расказаў аб практыкаванні.
— Я зразумею, калі табе будзе няёмка ўдзельнічаць. Аднак дазволь зрабіць гэта для цябе, выслухай.
Той крыху разгублена ўсміхнуўся і кіўнуў.
— Калі мой дарагі муж хоча.
Лань Січэнь падвёў яго да ложка, каб падтрымаць рамантычны настрой, ціхенька набраў паветра ў лёгкія і пачаў:
— Твае вочы — нібы сонечкі, якія асвятляюць мой жыццёвы шлях. Мне так падабаецца любавацца імі. А тваю прамяністую ўсмешку, якая паказвае чароўныя ямачкі на шчоках, так і хочацца зацалаваць.
А-Яо моцна ўчапіўся ў далоні Лань Січэня — аж можна было адчуць паскораны пульс. Яго погляд быў збянтэжаным, але захопленым. Шчаслівым. Заўсёды галодны да ласкі, ён не хацеў, каб Лань Січэнь спыняўся.
— Твае абдымкі такія ўтульныя, — працягваў той, гладзячы пальцы А-Яо. — Зранку яны натхняюць, удзень супакойваюць розум падчас будзённых хваляванняў, а ўвечары абяцаюць насалоду. Я так люблю дакранацца да тваёй пяшчотнай скуры, якая дорыць цяплыню.
— Эргэ! — узрушана выдыхнуў А-Яо.
Ён зваў яго так, калі не мог стрымаць пачуццяў, звычайна падчас іх самых пажадлівых уцех. Лань Січэнь панізіў голас, адчуваючы, як запалалі шчокі:
— Ты вымаўляеш гэта так горача.
Вочы-сонечкі А-Яо заззялі. Ён парывіста прытуліўся да Лань Січэня і прашаптаў на вуха:
— Інтымныя рэчы прасцей рабіць, чым абмяркоўваць. Твой клопат пра наш шлюб не ведае мяжы, — ён ласкава прапусціў паміж пальцаў пасму валасоў Лань Січэня, што заўсёды выклікала прыемные дрыжыкі. — Але некаторыя рэчы немагчыма выказаць словамі. Дазволь мне паказаць сваю ўдзячнасць справай.
