Work Text:
Прайшоў месяц, як Дзінь Гуан’яо апынуўся ў палоне Гусу, а эргэ ніводнага разу не наведаў яго. Выратаваць ад нечыіх планаў ператварыць жыццё Дзінь Гуан’яо ў пекла, пасяліць у доме, загадаць слугам клапаціцца як пра госця — і не наведацца?
Спачатку Дзінь Гуан’яо думаў, што эргэ абараняе жыццё злачынца перад Галавамі іншых кланаў і старэйшынамі Гусу. Слугі, якія прыбіраліся і прыносілі есці, касіліся на яго са страхам, а значыць, чуткі разышліся хутка. Дзінь Гуан’яо качаў галавой: ён не мог зрабіць слугам нічога дрэннага, і не толькі таму, што эргэ адабраў меч і гуцін, — прыносіць яму лішнія клопаты не хацелася.
Маўчанне зацягвалася. Дзінь Гуан’яо прыйшоў да высновы, што гэта частка пакарання. І нават так было лягчэй, чым думка аб тым, што эргэ проста ніколі не хоча яго бачыць, што больш няма чаго сказаць. Пакаранне ж азначае, што яму не ўсё роўна.
А можа, у яго праблемы? А можа, проста патрэбны час? Чым больш Дзінь Гуан’яо думаў, тым больш невыносным станавілася хваляванне. Ён мусіў праверыць. Ён нічога не зробіць, толькі зазірне ў ханьшы і ўпэўніцца, што эргэ спакойна спіць у ложку. Або наадварот — не спіць і адчытае яго за ўцёкі. Дзінь Гуан’яо прыме і такі вынік.
Збегчы не было праблемай. Не для Дзінь Гуан’яо, навучанага хадзіць мякка, як асцярожны кот, адсочваць рухі ворага і хутка хавацца. Веды забароненых талісманаў дапамаглі нейтралізаваць тыя, што ўтрымлівалі яго ў хаце. Насамрэч, калі б ён вырашыў знікнуць, гэта не стала б вялікай справай. Дык куды ж бегчы — без грошай, без зброі… Без літасці эргэ. Усе яго ненавідзелі і напэўна паспрабавалі б забіць.
Дзінь Гуан’яо дабраўся да ханьшы і прашмыгнуў унутр. Эргэ нідзе не было. Ён склаў рукі за спінай і аглядзеўся. Як жа атрымаць адказы?
На працоўным стале знайшоўся ліст, дзе Галава невядомага маленькага клана скардзіўся на марыянетак, якія наваднілі поўдзень Гусу. Значыць, эргэ на начным паляванні, і было б дзіўным супадзеннем, вярніся ён менавіта зараз. Дзінь Гуан’яо мае час.
Уяўляючы гнеўны твар эргэ, ён прайшоў у спальню, дзе захоўваліся асабістыя рэчы. Увагу прыцягнулі не прыбраныя са стала прылады для малявання і стос малюнкаў на палічцы. Дзіўна, вельмі дзіўна. Здаецца, ахайны эргэ не хацеў марнаваць ні хвіліны на прыбіранне. Дзінь Гуан’яо запаліў некалькі свечак і прагледзеў малюнкі. Кветкі? З якіх часоў эргэ палюбіў кветкі?
На апошнім лісце была намаляваная калючая шыпшына. Дзінь Гуан’яо прыгадаў: шыпшына мела дваякі сэнс. Адначасовы боль і задавальненне.
Дык вось чым займаўся эргэ: разбіраўся ў пачуццях. Кажуць, мастакам дапамагае. І вось што ён адчувае?
Зайшоўшы так далёка, Дзінь Гуан’яо не мог пакласці стос назад. Ніжні малюнак павінен быць самым першым — з яго і пачаў даследаванне. З цяжкасцю разабраў жаўтазель. Нават хутчэй здагадаўся па значэнні — гнеў. Эргэ папраўдзе быў раз’юшаны, калі прывёз Дзінь Гуан’яо ў Аблочныя Глыбіні і загадаў брату суправадзіць у адзін з пустых, непатрэбных дамоў.
Наступныя лісты былі адлюстраваннем думак пра Дзінь Гуан’яо. Маленькія кветачкі кендыра азначалі хлусню, кусты тамарыска — злачынства. Спрачацца з гэтым не мела сэнсу, хіба толькі горка ўздыхнуць.
А вось наступны малюнак выклікаў абурэнне. Ён аб’ядноўваў наготкі і салату — дзіўнае спалучэнне, калі не ведаць, што на ўвазе меліся жорсткасць і халоднае сэрца. Дзінь Гуан’яо ніколі, ніколі не быў такім з эргэ! Ён зычыў яму самага лепшага! Трымаў падалей ад сваіх брудных спраў! Дапамагаў пры любой магчымасці! Ну як жа…
Дзінь Гуан’яо паспяшаўся зазірнуць у наступны ліст. Венерына мухалоўка, ільвіны зеў, герань. Двудушнасць, махлярства, глупства. З пакояў нібы знікла паветра. Наступны ўдых зрабіць было так цяжка… Дзінь Гуан’яо на нейкі час заплюшчыў вочы. Сутыкацца з праўдай было балюча. Урэшце ён зрабіў як заўсёды: ухапіўся за надзею. Там яшчэ палова стоса, і апошні ліст не быў такім абразлівым.
У наступным малюнку эргэ павярнуўся да сваёй асобы: намаляваў геленіўм. Наўрадці ён цяпер думаў, што Дзінь Гуан’яо здатны на слёзы. Геленіўм адлюстроўваў стан менавіта эргэ, і разам з наступнай кветкай — алоэ — гора — дадала да крыўды моцную хвалю віны. Эргэ не заслугоўваў пакутваць і плакаць праз учынкі Дзінь Гуан’яо. Абы ён мог палегчыць гэты боль!
Аднак той пачынаў спраўляцца. На гэта намякалі некалькі кустоў абутылона, якія сведчылі, што эргэ шмат медытаваў. Дзінь Гуан’яо паспрачаўся б з тым, што гэта дзейсны сродак ад душэўнага болю. Колькі соцень, мо і тысяч палачак ён вытраціў на медытацыі — і не дапамагло. Але ён не меў такі светлы моцны дух, як эргэ.
Наступныя кветкі не выклікалі дрыжыкаў — наадварот. Незабудка сведчыла, што эргэ пачаў узгадваць іх добрыя, цёплыя, мірныя дні і ночы, праведзеныя за прыемнымі размовамі, гранні на гуціне ці ўдалым паляваннем на нечысць.
Архідэя значыла прыгажосць. Дзінь Гуан’яо доўга разглядаў дзіўнаватыя пялёсткі, так і не прыдумаўшы, да чаго яна тут.
Гардэнія… Гардэнія? “Я таемна закаханы”? Дзінь Гуан’яо напружыўся і затрымаў дыханне. Не мог жа эргэ пасярод гаравання па іх адносінам знайсці сабе жанчыну! Але чаму тады таемна? Такое маюць на ўвазе, калі ўпэўненыя, што пачуцці недарэчы. А для ўпэўненасці трэба добра ведаць чалавека.
Усе астатнія кветкі — пра Дзінь Гуан’яо. Ці магчыма, што і гэтыя таксама? Іначай акуратны эргэ паклаў бы іх у іншы стос. І ўвогуле не стаў бы нічога маляваць. Ён не мае звычкі, як Не Хуайсан, пераносіць на паперу ўсё, што спадзе на думку. Толькі ён, Дзінь Гуан’яо, здатны давесці да такога стану.
Ён сабраў лісты ў патрэбным парадку і паклаў на месца. Яшчэ раз паглядзеў на шыпшыну. Калі скласці ўсё ў адзіную карціну, атрымаецца, што закаханасць у Дзінь Гуан’яо магчымая. Гэта тлумачыць, чаму кінуўся ратаваць забойцу: паступіў як бацька. А ці ажаніўся б, калі б ведаў, што пачуцці ўзаемныя?
Дзінь Гуан’яо не стрымаўся — у голас застагнаў. Ён і сам быў упэўнены, што нецікавы эргэ. Той ставіўся да Дзінь Гуан’яо з ласкай, аднак такую ж ласку ён быў гатовы аказаць любому чалавеку, які падаецца прыстойным. Або Дзінь Гуан’яо не разгледзеў асаблівае стаўленне. Ці, паправіў ён сябе, палічыў за лепшае не заўважаць. Хіба была ў іх будучыня? Тым больш і брат эргэ з мужчынай блытаўся. Толькі добрыя сяброўскія стасункі дарма псаваць ды рэпутацыю.
Дзінь Гуан’яо кінуў погляд на чыстую паперу. Якая цяпер рэпутацыя? Трэба было ратаваць тое, што засталося. А застаўся толькі эргэ.
Маляваць гардэнію было страшна — аж рукі дрыжалі. Яна абяцала атрымацца не самай дасканалай. Дзінь Гуан’яо не здаваўся, прыгадаў свой прынцып: “баішся — зрабі справу напалоханым”.
Ён кіўнуў, разглядваючы кветку. Эргэ раззлуецца, зразумеўшы, што палонны збег з турмы, прабраўся ў ханьшы, а затым у яго галаву, і яшчэ пасмеў пакінуць каментар. Аднак эргэ хацеў праўды, і Дзінь Гуан’яо адчуў сябе абавязаным раскрыцца да канца. Урэшце каханне можа выратаваць іх стасункі, а не сапсаваць.
Дзінь Гуан’яо не мог пакінуць гардэнію ў адзіноце. Дамаляваў фіялетавы гіяцынт — просьбу прабачыць за пранікненне, шматгадовую ілжу, злачынствы. Адной кветкі было мала, але эргэ не даваў магчымасці выбачыцца інакш.
У такіх абставінах можна было намаляваць цэлы букет. Дзінь Гуан’яо вырашыў пакінуць самае важнае зараз, дадаў толькі камелію — падзяку за ўсю дабрыню, што эргэ яму падараваў. Нават зараз, як бы ні лютаваў, — усё роўна клапаціўся пра свайго А-Яо.
Паклаўшы пэндзлік на месца, Дзінь Гуан’яо паправіў малюнак, каб ляжаў у цэнтры стала, пагасіў свечы і накіраваўся да сябе — чакаць.
