Actions

Work Header

Паляванне

Summary:

Дзе бадзяліся сіяо, пакуль усе астатнія наязджалі на Вэй Вусяня за крадзеж усёй здабычы на паляванні.

Notes:

Бэта: sinečko

Work Text:

Дзінь Гуан’яо шмат уклаў у спаборніцтва. Так стараўся, каб усё было выдатна: шмат здабычы, цікавыя развагі, прыгожая прамова. Калі быццам бы задаволеныя заклінальнікі разышліся па сваіх тэрыторыях, ён уздыхнуў з палёгкай і накіраваўся да Лань Січэня, які не спяшаўся пайсці на паляванне, а паглядваў у бок Дзінь Гуан’яо.

— Складзеш мне кампанію? — з надзей пацікавіўся ён.

Дзінь Гуан’яо усміхнуўся са згодай, а калі яны адышлі падалей, спытаўся:

— Не надта дзіўна, што я дапамагаю іншаму клану?

— Мы можам не паляваць, — панізіўшы голас, прапанаваў Лань Січэнь. — Не палічы за непавагу да тваёй вялікай працы.

Лань Січэнь як Галава клана не праігнараваў бы мерапрыемства, але Дзінь Гуан’яо ведаў: прывабіла яго зусім не гэта.

— Буду рады проста прагуляцца. Дазволь мне паказаць прыгожыя краявіды.

Дзінь Гуан’яо адвёў яго да ручайка, які хаваўся паміж густарослымі пышнымі дрэвамі.

— Тут нас наўрад ці патурбуюць, — заўважыў Лань Січэнь, усаджваючыся на беразе, пад нізкімі галінамі, якія ледзь не раскудлацілі яго прычоску. — Толькі шкада, што не паграць на гуціне. Я б навучыў цябе яшчэ адной мелодыі.

Апошнім часам яны спасцігалі іншыя веды, а з гуцінем Дзінь Гуан’яо заставаўся сам-насам. Ён не шкадаваў.

— Як-небудзь іншым разам, — адказаў ён, сядаючы насупраць.

Лань Січэнь узяў яго за рукі і пяшчотна зазірнуў у вочы: прасіў дазволу пацалаваць. Дзінь Гуан’яо не марудзіў — нахіліўся і гарэзліва дакрануўся кончыкам языка да яго вуснаў. Дражнілка не засталася беспакаранай: Дзінь Гуан’яо быў схоплены ў ахапак і павалены ў траву. Лань Січэнь козытна засмяяўся ў яго шыю, не даючы выбрацца з моцных абдымкаў.

— Дзэву-дзунь! — усхліпнуў Дзінь Гуан’яо з дакорам, употай атрымліваючы асалоду.

Ні з кім іншым ён не мог дазволіць сабе крышачку расслабіцца — не тое што падурэць, забыўшыся пра ідэальнае выхаванне і нудныя абавязкі. Ён і да нечаканай гуллівасці Лань Січэня не адразу звык, і сам адкрываўся цяжка. Затое цяпер іх сустрэчы сталі сапраўднай аддушынай ад жыцця, поўнага знявагі.

Дзінь Гуан’яо аддаўся пяшчоце. Яны няспешна цалаваліся, перапыняючыся, толькі каб паглядзець на цені дрэў, якія падказвалі, ці не час было вяртацца да абавязкаў. Вырашалі, што рана, і працягвалі лашчыцца, не парушаючы мяжу прыстойнасці (трэба было прызнаць: прыстойнасці вельмі адноснай). Пару разоў збіраліся ўстаць, пачыналі папраўляць валасы і адзенне; тут хтосьці кідаў жартаўлівы позірк — і яны зноў аказваліся на зямлі.

“Вось бы так усё жыццё”, — падумаў Дзінь Гуан’яо, куснуўшы Лань Січэня за губу. Той хмыкнуў, прадумваючы помсту, аднак іх перарваў незадаволены гоман заклінальнікаў.

Прыслухаўшыся, Дзінь Гуан’яо высвятліў, што Вэй Вусянь нешта моцна сапсаваў. Давялося прыкласці намаганні, каб не апаганіць свой рот і вушы Лань Січэня лаянкай. Вось табе і ўсё жыццё.

— Разлічвай на маю пасільную дапамогу, — прашаптаў Лань Січэнь, павярнуўшы сабе сур’ёзнасць.

Дзінь Гуан’яо ўсміхнуўся і прыбраў травінку з яго валос. Усё ж, што б ні нарабіў гэты Вэй Вусянь, ён справіцца.