Actions

Work Header

Зязюляня

Summary:

Халоднай зімняй ноччу Рудольф чытае пазычаную ў настаўніка кнігу і са старонак на яго глядзяць птушкі.

Notes:

Дзеянне адбываецца недзе пасля Mama, wo bist du?
Der Tod выконвае абяцанне і з'яўляецца тады, калі ён патрэбны. Нават калі яго не клічуць.

Work Text:

Нешта гучна грукнула ў зачыненае акно, і Рудольф на ложку хутка загарнуў кнігу і мітусліва запхаў яе пад коўдру, нібы гэта было нешта забароненае. Перапужаны позірк кінуўся да завешаных штор толькі на імгненне і адразу ж рэфлекторна перамясціўся на дзверы. Імгненне, іншае — дзверы заставаліся нерухомымі. Заходзіць ніхто не збіраўся. Ні са стукам, ні без.

Насамрэч, без стуку да яго ўжо даўно не ўваходзілі. З таго самага часу, як граф Грандэкур пакінуў палац. Але кожны шоргат за межамі пакою ўсё яшчэ падаваўся прадвесцем стрэлу.

Плечы расслабляліся вельмі павольна. Рудольф дастаў кнігу, усё яшчэ працягваючы кідаць позіркі на дзверы, баязліва паклаў яе на калені і асцярожна разгарнуў. Куточак адной са старонак загнуўся, і ад віду гэтага стала сорамна. Яму можна было не хавацца, ён не чытаў нічога забароненага, наадварот, гэту кнігу пан Брэм* сам яму даў. Але ён спужаўся, зусім без нагоды, — і цяпер да настаўніка яна павернецца пашкоджанай. Наўрад ці яго будуць лаяць… Але сам бы ён на месцы настаўніка вельмі расчараваўся. Расчараваннем яму быць не падабалася.

*Альфрэд Эдмунд Брэм — нямецкі заолаг і падарожнік, які ўвайшоў у гісторыю прыродазнаўства як аўтар вядомай навукова-папулярнай працы “Жыццё жывёл”. Быў адным з настаўнікаў кронпрынца.

Рудольф беражліва правёў пальцамі па старонцы, распраўляючы яе. Ён некалькі разоў правёў па месцы складкі, націскаючы значна мацней, чым было б патрэбна, але дарэмна — залом усё яшчэ было вельмі добра відаць. Хлопчык падціснуў вусны і нахмурыўся, стрымліваючы падступіўшую да горла крыўду. Позірк мімаволі слізгануў ніжэй па старонцы і натрапіў на карцінку ў ніжнім левым куту. З жаўтаватай паперы на яго глядзела вялікая птушка.

Cuculus canorus, казаў незразумелы надпіс пад карцінкай. Рудольф пастараўся адцягнуцца ад напаткаўшага суму і напружыць памяць, прыгадваючы апошні занятак.

Зязюля**. Так, гэта дакладна была яна.

**Калі зусім дакладна — звычайная зязюля.

Тая, якая не затрымліваецца на адным месцы больш за тры-чатыры месяцы, якая пастаянна на шляху, якая часам павяртаецца ва ўжо знаёмае месца, толькі каб потым зноў адляцець. Тая, якая падкідвае яйкі ў чужыя гнёзды і ніколі не бачыць, як птушаня расце.

“А зязюлянятам не сумна, што іх кінулі?” — спытаўся Рудольф, калі ўпершыню пабачыў гэты малюнак. Настаўнік тады адказаў не адразу. Імгненне, у якое ён думаў пад настойлівым дзіцячым позіркам, падавалася вечнасцю.

“Наўрад ці яны разумець, што іх… кінулі”, — нарэшце прамовіў пан Брэм, хаця гучала гэта неяк зусім няўпэўнена.

Яны паглядзелі адзін на аднаго яшчэ трошкі. Рудольф чамусьці чакаў працягу, але яго так і не было. Хлопчык павольна апусціў вочы.

“Можа быць… — Ён разгублена калупнуў ногцем ранку на пальцы левай рукі. І дадаў трошкі цішэй: — Але мне б усё роўна было сумна на іх месцы”.

Настаўнік насупраць шумна выдыхнуў. Пачулася рыпенне адсунутага крэсла. Рудольф скалануўся і рэзка зажмурыўся, варта было настаўніку апынуцца па яго бок стала. Ён пачуў шоргат адзення, калі пан Брэм паднімаў руку, — і адчуў сціплую палёгку, калі цёплая далонь лягла на галаву, трошкі прыгладжваючы русыя валасы, але не больш за тое.

“Я думаю, яны разумець, што маці хацела як лепей. — Калі Рудольф узняў на яго вочы, настаўнік пасміхаўся аднымі куточкамі вуснаў. Атрымоўвалася гэта чамусьці сумна. — Зрэшты, выхавальнікаў для сваіх птушанят яны абіраюць пільна, — і гэта ўжо нешта ды значыць”.

Можа, для зязюлі гэта нешта і значыла, але зязюлянятам ад гэтага наўрад ці было лягчэй. Бо калі выхавальнікі ўсё ж апынуцца дрэннымі, у іх не будзе побач маці, якая з’явіцца хаця б на імгненне, каб заступіцца і дапамагчы, нават калі потым ёй зноў давядзецца адляцець. Рудольфу раптам стала іх вельмі шкада, але казаць пра гэта ён не стаў. Будучаму імператару жаль не пасуе, як не пасуе яшчэ шмат іншых эмоцый, і бабуля вельмі адназначна дала гэта зразумець.

На вуліцы зноў завыла, і ў акно нешта забілася яшчэ больш настойліва, павяртаючы да рэальнасці. Скалануўшыся ўсім целам, Рудольф уцягнуў галаву ў плечы і паёрзаў на ложку, адсунуўся бліжэй да сцяны. Пальцы мацней сціснуліся на кнізе, і па старонкам пабеглі новыя заломы, але ён не звярнуў увагу, утаропіўшыся ў акно. На завешаных шторах няроўна блішчэлі водбліскі адзінай гарэўшай у пакоі свечкі, і ад гэтага, ад грукату і ад завыванняў ставала вусцішна.

Але ж будучы імператар не павінны нічога баяцца, праўда? Імгненне павагаўшыся, Рудольф павольна адклаў кнігу ўбок і саслізнуў з ложку.

Калі босыя ногі кранулі халодную падлогу, праслізнула думка аб тым, што трэба павярнуцца назад, затушыць свечку, схавацца пад коўдрай і не вылазіць да самага ранку. Рудольф нахмурыўся і рашуча матнуў галавою, адмаўлячы самому сабе. Не, так не пойдзе, трэба хаця б даведацца, што гэта такое. Ён пастараўся выпрастацца і ўзяў падсвечнік, які стаяў каля ложку.

Першы крок даўся не без складанасцяў, але наступныя, асцярожныя, баязлівыя, пераадолець атрымалася вельмі хутка. Варта яму было апынуцца каля акна, як унутры зноў заварушыўся ліпкі жах, але Рудольф агромністым намаганнем прымусіў сябе пра яго забыцца. Ён зрабіў глыбокі ўдых, чапляючыся вольнай рукой за штору, — і на выдыху рэзка адвёў яе ўбок.

Перад вачамі было цёмна. Дакладней, цёмна было за акном, а свечка, якая адбівалася ў шкле, толькі перашкаджала зразумець, што адбываецца там, з іншага боку. Усё яшчэ прытрымліваючы штору, каб яна не закрылася зноў, Рудольф пацягнуўся да сталу каля акна і паставіў падсвечнік на край. Цяпер, калі святло было адносна далёка, стала відаць лепей.

Уначы за акном мяла завіруха, і ад аднаго выгляду лётаўшых у бязладдзі сняжынак нават у цёпла натопленым пакоі па спіне прабеглі дрыжыкі. Прыгадаліся скалелыя пальцы, якія, падавалася, яшчэ трошкі і перастануць згінацца ўвогуле, холад, ад якога не ратавала нават цёплае адзенне, гучны голас графа за спінаю… Рудольф паматаў галавою, праганяючы ўспаміны, і прыжмурыўся, углядаючыся ў пустэчу.

Як раз у гэты момант зноў пачуўся грукат, і Рудольф убачыў галінку рослага побач дрэва, якая білася ў акно. Не вельмі тоўстая і заінелая, яна рашуча стукала ў шкло — але жахлівага ў ёй было мала. Хлопчык з палёгкаю выдыхнуў. Калі ведаеш, з чым маеш справу, не баяцца значна прасцей.

І ўсё ж прыемнага ў пастаянным грукаце было мала. Калі б яе можна было неяк прыбраць, было б значна лепей. У галаве амаль адразу саспеў план.

Вырашыўшы, што выглядае галінка дастаткова старой, каб можна было яе проста паламаць, Рудольф адсунуў штору яшчэ далей і з нагамі залез на шырокі падаконнік. З нягучным шчаўчком акно паддалося і адчынілася. У пакой адразу ж уварваўся паток марознага паветра, і Рудольф памуляўся. Нічога, ён хутка. Сарваць галінку, кінуць уніз, зачыніць акно і павярнуцца грэцца пад цёплую коўдру — справа хвіліны. Поўны рашучасці, ён высунуўся з акна і пацягнуўся да дрэва.

Напэўна, варта было папрасіць аб дапамозе некага са слуг, але гэтак жа несумленна. Са сваімі жахамі трэба змагацца самому, калі ён хоча стаць сапраўдным мужчынам. Рудольф дагэтуль не ведаў, чым “сапраўдны” мужчына адрозніваецца ад звычайнага, але першы гучаў відавочна больш сур’ёзным і дарослым. Сур’ёзным і дарослым ніхто не забараняе наведваць маці, яны могуць чытаць кнігі, колькі пажадаюць, і адмаўляцца ад супу ў абед, і гэта было дастатковай матывацыяй.

Пальцы ўжо кранулі заінелую галінку, калі раптам моцным парывам ветру яе адкінула ў бок. Рудольф не паспеў зразумець, што адбылося, як яго пацягнула следам, і без гэтага трымцеўшая рука, якая трымалася за падаконнік, саслізнула. Ён адчуў, як губляе раўнавагу і ляціць наперад. Марознае паветра напоўніла лёгкія, калі рот адкрыўся ў нямым крыку.

Раптам прыгадаліся птушаняты, якіх больш вялікія зязюляняты выкідваюць з гнязда. Цікава, які шанец, што зязюляня з гнязда таксама выпадзе?

Ён не паспеў падумаць пра адказ. Са спіны яго абхапілі моцныя рукі і адным хуткім рухам уцягнулі ў пакой. Акно з грукатам зачынілася проста перад яго вачамі, але Рудольф не заўважыў, каб яго хто-небудзь штурхнуў.

Свечка на стале каля самага акна, на дзіва, працягвала гарэць.

Свет адчуваўся зусім далёкім і несапраўдным. Ногі зусім адмаўляліся трымаць. Рудольф спатыкнуўся і заваліўся назад, але замест таго, каб сустрэцца з падлогай, упёрся ў нешта — дакладней, некага, чые рукі ўсё яшчэ абвіваліся вакол яго стана. Рудольф трымцеў усім целам і ўсё яшчэ не вельмі добра разумеў, што адбываецца, калі павольна задраў галаву. Зверху на яго глядзелі знаёмыя халодна-блакітныя вочы, якія цьмяна свяціліся нібы зусім не з-за свечкі, якая была зараз для гэтага занадта далёка, а самі па сабе, дзесьці глыбока ўнутры.

— Занадта часта ты апыноўваешся ў маёй кампаніі для свайго ўзросту, маленькі прынц. — Над яго галавою прагучаў так і не зніклы з памяці голас таго, хто калісьці назваўся Сябрам. — Дрэнная звычка. Спешка не дапамагла яшчэ ніводнаму кіраўніку.

На фоне таго спакою, з якім гэта было прамоўлена, асабістае абрывістае дыханне раптам падалося занадта гучным, і Рудольф прымусіў сябе самкнуць вусны. Не дапамагло — праз нос дыхаць атрымоўвалася толькі грамчэй, а зубы так і парываліся пачаць стукаць.

— Не маленькі, — незразумела нашто выправіў Рудольф праз некалькі імгненняў, не адрываючы шырока расплюшчаныя вочы ад нечаканага, але вельмі своечасова прыйшоўшага госця. Атрымалася не вельмі пераканаўча: спалох, які яшчэ не паспеў прайсці, вельмі відавочна адбіваўся ў голасе. У грудзях усё яшчэ было холадна. — Мне ўжо адзінаццаць.

Сябра не змяніўся ў абліччы ні на імгненне, але Рудольф пачуў ціхі смех. Грудзі, да якіх ён прыціскаўся патыліцай, ледзь-ледзь уздрыгнулі.

— Сапраўды. — Пагадненне гучала хутчэй як паблажка. — Павінны прызнаць, з нашай апошняй сустрэчы ты трошкі выцягнуўся.

Сябра дапамог яму стаць на ногі і толькі потым адпусціў. Рудольф хістануўся, варта было чужым рукам знікнуць, але ўсё ж застаўся стаяць. Хлопчык павярнуўся і нясмела зірнуў на госця. Той стаяў трошкі далей, чым ён думаў, і ўважліва назіраў за ім, склаўшы рукі за спінаю. Рудольфу магло падацца, але шырока расплюшчаныя вочы дагэтуль ні разу так і не міргнулі.

— І? — Толькі калі Сябра роўна прамовіў адзіны гэты гук, Рудольф зразумеў, што глядзіць на яго і не прамаўляе ні слова занадта доўга, настолькі, што нават збітае дыханне супакоілася, а цела больш не скаланалася ад холаду. Зрэшты, яснасці гэтае пытанне (якое і як пытанне гучала толькі з нацяжкай) не ўнесла ніякай.

— І? — перапытаў Рудольф, несвядома падаючыся трошкі наперад, але не робячы ні кроку. Сябра, адбіваючы яго рух бы люстра, трошкі нахіліўся. Цяпер халодна-блакітныя вочы былі на адным узроўні з ягонымі — і ўсё яшчэ не міргалі.

— Што прымусіла цябе зноў мяне паклікаць?

Нехта назваў бы гэты позірк жахлівым, але Рудольфу ён падаваўся чароўным. Бо што можа быць больш чароўным, чым чужая цікавасць?

— Я не клікаў. — Ён чамусьці не рашыўся падымаць голас вышэй за шэпт. У грудзях павольна падымалася новая хваля ўсхваляванасці. Ужо не ад жудаснага грукату, не ад блізкага падзення, не ад нечаканага ратавання… Але ад таго, што сустрэча, якую ён не забыў, але якую дагэтуль лічыў марай, зноў паўтаралася. — Я проста хацеў прыбраць галінку. Яна білася ў акно.

— Вось як. — Бровы Сябра трошкі падскочылі наверх не ў здзіўленні, але ў нечым падобным. Ён трошкі павярнуў галаву ў бок, не адрываючы погляду ад Рудольфа, і павольна выпрастаўся. Адлегласць між імі быццам бы стала нават больш, чым дагэтуль, хай ніводны з іх не зрабіў ні кроку назад. — Значыцца, я памыліўся. Тады мне час ісці.

— Не, стой!

Сэрца раптам прапусціла ўдар, і Рудольф, сам гэтага не ўсведамляючы, сарваўся з месца. Ён не чакаў, што нехта прыйдзе, яшчэ пару імгненняў таму нават не хацеў, каб нехта прыходзіў, — але варта было з’явіцца хаця б намёку на тое, што Сябра вось-вось растане ў цемры гэтак жа, як з яе выйшаў і мінулага, і гэтага разу, як яму адчайна захацелася яго затрымаць.

Зязюлі сваіх птушанят, можа, і кідалі, але аб тым, каб зязюлянят кідалі выхавальнікі, чытаць яму не даводзілася, а таму і верыць у гэтую магчымасць ён адмаўляўся.

Рудольф падбег так хутка, што Сябра, які нават не паспеў развярнуцца, на імгненне нават хістануўся, варта ў яго было ўрэзацца дзіцяці. Яшчэ не да канца сагрэтыя пальцы ўчапіліся ў адзенне так, што ставала трошкі балюча.

— Не сыходзь, — прашаптаў Рудольф, тыкаючыся носам у чужыя грудзі. Яго рукі былі яшчэ недастаткова доўгімі, каб абхапіць чужы стан у абдымках, але гэта не перашкаджала прыціскацца так блізка, як толькі магчыма. — Гэта праўда, што я цябе не клікаў. Але я рад, што ты тут.

Ад Сябра пахла холадам, але ён быў зусім не такі, як на вуліцы. Ён хутчэй нагадваў не мароз, ад успамінаў пра які на вачах застываюць ільдзінкамі непралітыя слёзы, а прыемную прахалоду, якой сустракае царква ў спякотны летні дзень. І маўчанне ягонае таксама нагадвала тую цішыню, якая непазбежна вісела там, калі зайсці не ў час набажэнства. Спакойную, мірную, значную.

— Ты не перастаеш мяне здзіўляць, маленькі прынц. — З вуснаў Сябра ўсё ж сарваўся лёгкі смех. Ён павольна прыўзняў руку і апусціў яе Рудольфу на галаву. Халодная нават праз пальчаткі далонь адчувалася зусім не так, як рукі настаўніка, але ад гэтага дотыку стала гэтак жа спакойна. — Рэдка мне даводзіцца чуць, што мне рады.

Гэта прагучала гэтак жа роўна, як усё дагэтуль, але Рудольфу такія словы падаліся вельмі сумнымі. Ён трошкі прыўзняў галаву, намагаючыся зазірнуць у чужыя вочы.

— Атрымоўваецца, ты таксама зязюляня? — спытаўся ён проста, амаль ніадкуль. Сябра нахмурыўся.

— У якім сэнсе? — Ён нахіліў галаву ўбок, і ў гэты момант сапраўды стаў падобны да птушкі. Рудольф мог бы пасміхнуцца гэтаму падабенству, але пакуль трэба было засяродзіцца на больш сур’ёзным.

— Маці іх кідае, а тыя, каму іх падкідваюць, чакаюць сваіх дзяцей, а не зязюлянят, — растлумачыў ён, спадзяючыся, што нічога не блытае. — А калі зязюляня ніхто не чакае, то і даведацца, што яму рады, яму няма ад каго.

Настаўнік, напэўна, сказаў бы, што ў гэтым няма ніякага сэнсу, бо птушкі — не людзі, яны не ведаюць, ні што такое радасць, ні што такое сум, а таму і хвалявацца за іх не варта. А можа, наадварот, стаў бы пераконваць, што галоўнае не тое, каго птушкі-выхавальнікі чакаюць, а тое, каго яны выхоўваюць і як клапоцяцца пра зязюляня, пакуль яно не зляціць з гнязда. Але настаўніка побач не было, а Сябра не казаў ні аднаго, ні іншага.

Ён глядзеў на яго зверху і маўчаў. Рудольф углядаўся ў бледнае аблічча і намагаўся зразумець хаця б нейкую эмоцыю на ім, але дарэмна. Яно заставалася скрытным — і толькі вочы працягвалі цьмяна, нечалавечы свяціцца знутры.

— Я пра гэта падумаю, — прамовіў нарэшце Сябра. Не так, як кажуць дарослыя, проста каб адвязацца, а так, нібы сапраўды падумае. Ён плаўна слізгануў рукою ад яго галавы да плячэй і асцярожна падштурхнуў Рудольфа ўбок. — А пакуль давай цябе пакладзём спаць.

Сябра ўзяў са стала свечку і крочыў ціха, нячутна, павёў яго да ложку, на якім усё яшчэ ляжала разгорнутая кніга. Падыйшоўшы бліжэй, Сябра ўзяў яе ў рукі. Рудольф гэтага нават не заўважыў, залязаючы на ложак і хутаючыся ў коўдру, якая яшчэ ніколі не падавалася такой цёплай.

Калі ён улёгся і павярнуўся, Сябра засяроджана глядзеў у кнігу. Ён не чытаў: халодныя блакітныя вочы не рухаліся, накіраваныя ў адзін бок. Рудольф трохі прыўзняўся на локцях і паспрабаваў зірнуць на старонкі. Убачыць з гэтага ракурсу атрымалася няшмат, але куточку карцінкі яму хапіла.

Там усё яшчэ была зязюля.

— Я бы даў табе пачытаць, але яна не мая, — растлумачыў Рудольф, убачыўшы, што карцінка гэта захапіла чужую ўвагу гэтак жа, як толькі некалькі хвілін таму яго. Сябра, пачуўшы яго голас, адразу ж адарваўся ад кнігі і павярнуўся да яго. — Калі хочаш, я магу заўтра спытацца ў настаўніка, ці можа ён і табе яе пазычыць.

— Не трэба. — Сябра загарнуў кнігу і адклаў яе ўбок. Калі ён сеў на ложак побач, ён нават не прагнуўся. Вольнай рукой Сябра яшчэ раз мякка правёў па валоссі Рудольфа, прымушаючы яго легчы назад на падушку, пасля чаго паднёс свечку да вуснаў. — Дабранач, маленькі прынц.

Рудольф не паспеў нічога сказаць у адказ. Свечка патухла, і Сябра растаў у цемры гэтак жа імкліва, як дагэтуль у ёй з’явіўся. У акно больш нічога не білася.