Actions

Work Header

Спосаб пазбавіцца ад кашмараў

Summary:

Келус зусім не супраць аддаць усяго сябе, калі пасля Дань Хэна будуць чакаць спакойныя ночы.

Work Text:

У апраметнай цемры яму здавалася, быццам ён зноў вярнуўся ў яйка відзьядхара, і цяпер яго накрывалі неспакойныя марскія хвалі і сны.

Яму снілася мінулае. То далёкае, яшчэ да Дома Кайданоў, то зусім нядаўняе. Выявы накладваліся адна на другую і змешваліся ў шэраг невыразных галасоў і твараў. Шум нарастаў. Ён ляцеў у бездань, не могучы ўхапіцца за што-небудзь.

У апраметнай цемры яму здавалася, быццам ён зноў вярнуўся ў яйка відзьядхара, толькі занадта цеснае – не прабіць, як не старайся, зусім не бяспечнае. Нясцерпна хацелася вырвацца, ды толькі ён, як і раней, не меў тут ніякай улады.

***

Келус начным прывідам краўся да спальнага вагона, асцярожна пазіраючы па баках. Прыкра, што дзеля жаданага даводзілася спачатку ціха выбрацца са свайго пакоя, не спатыкнуўшыся аб Смеццевага Перніка, які пастаянна дрэмле дзесьці на шляху да дзвярэй, спусціцца па лесвіцы і пераадолець агульны вагон, не наляцеўшы ў прыцемку ні на які столік. Заставалася спадзявацца на тое, што крокі будуць дастаткова ціхімі, каб нікога не разбудзіць. Стане даволі няёмка, калі, да прыкладу, спадарыня Хімеко застане яго ў дзвярэй архіва так позна ўначы. Або Пом-Пом... Якому Эону варта маліцца аб удалым завяршэнні гэтай імправізаванай місіі?

Здаецца, гэтай ноччу за Келусам даглядаў нехта даволі добразычлівы, паколькі ён не ўрэзаўся ў сцяну, не запнуўся аб сваю ж нагу і не адчыніў занадта рэзка дзверы архіва, захаваўшы прымальную цішыню. Цудоўна.

Келус слізгануў у пакой і дазволіў дзверы зачыніцца, адрэзаўшы цьмяную крыніцу святла з калідора. Архіў быў пагружаны ў змрок, толькі ляніва міргала недзе збоку сіняя кропка на тэрмінале базы даных.

Келус крыху пастаяў ля парога, прывыкаючы да цемры. Ён слухаў сваё мернае сэрцабіцце і спрабаваў улавіць дыханне Дань Хэна. Звычайна яно было даволі ціхім і спакойным. Мімаволі хацелася падстроіцца і задыхаць у адным рытме.

Гэтай ноччу як звычайна не было.

Келус затрымаў кісларод у лёгкіх і ўвесь звярнуўся ў слых, нахмурыўшы бровы. Дань Хэн дыхаў перарывіста, але, што дзіўна, усё гэтак жа ціха. Магчыма, яго твар скрывіўся ў пакуце, магчыма, ён камячыў у пальцах край коўдры і варочаўся, не могучы суняць неспакой. Келус не ведаў. Ён усё яшчэ амаль нічога не бачыў, але цемра не была перашкодай буянаму ўяўленню.

Выцягнуўшы рукі, Келус дробнымі крокамі рушыў да ўладкованай прама на падлозе пасцелі, прыслухоўваючыся да чужога няроўнага дыхання. Нашарыў, нарэшце, парэнчы, якія агароджвалі асабістую прастору, ён падняўся па двух прыступках і апусціўся на калені. У цемры гэтага не было відаць, але Келус ведаў, што падлога пад ім прыгожа мігоча, нібы воды каля Лускаватай цясніны. Водзячы наперадзе рукой, ён папоўз, пакуль пальцы не наткнуліся на збітую ў бок коўдру, а крыху далей выявіўся і сам Дань Хэн. Ён ляжаў, скруціўшыся ў камяк – Келус зразумеў гэта, калі няспрытна прыбудаваўся збоку і паспрабаваў прыцягнуць яго ў абдымкі. Дань Хэн тузануўся ад дакранання, рэзка выдыхнуў і несвядома ўпіўся пальцамі ў падушку.

– Гэй, гэта я, – зашаптаў Келус, прыўзняўшыся на локці і прысунуўшыся туды, дзе павінна было быць вуха Дань Хэна. – Усё добра, чуеш? Я тут.

Ён навобмацак адшукаў чужую далонь, перакінуўшы руку цераз Дань Хэнаў бок, і пагладзіў пальцамі напэўна збялелыя ад напружання косткі. Не перастаючы шаптаць заспакаяльныя дурасці, ён з палёгкай прыслухоўваўся да паступова прыходзіламу ў норму дыханню Дань Хэна і адчуваў, як здранцвелае цела расслабляецца, а канечнасці выцягваюцца. У рэшце рэшт, Дань Хэн нават перавярнуўся ў сне на другі бок, тварам да Келуса, і сам працягнуў рукі, прыціскаючы да сябе гарачае ад Стэларона ў грудзях цела. Ды так моцна, што ў Келуса на імгненне перахапіла дыханне і ён мімаволі паморшчыўся, гадаючы, ці могуць яго косці трэснуць пад некантралюемай відзьядхаравай моцай.

– Калі ты паспеў прыйсці? – раптам хрыпла пачулася Келусу ў шыю, і ад цёплага дыхання Дань Хэна па загрыўку пабеглі мурашкі.

– Толькі што, – Келус запусціў пальцы ў мяккія цёмныя валасы, адчуваючы, як Дань Хэн трэ носам аб яго скуру, паступова апускаючыся ніжэй. – Я цябе разбудзіў? Прабач, хацеў толькі пазбавіць ад кашмараў, але…

Фраза абарвалася на выдыху. Дань Хэн, моўчкі просячы прабачэння, мякка лізнуў свежы ўкус над ключыцай і падштурхнуў Келуса ў плячо, каб той лёг на ​​спіну, а затым уладкаваўся зверху. Вухам ён апусціўся на гарачыя грудзі, слухаючы, як спалохана ад збянтэжанасці б'ецца ў ёй сэрца. Потым узняў галаву, прысунуўся да твару Келуса і замёр.

– Што? – выдыхнуў Келус, нервова прыкусвая вусны.

– Ты ўвесь чырвоны, – прама паведаміў Дань Хэн, абдаючы яго твар цёплым дыханнем.

– Крыўдна, ці ведаеш, што толькі ты тут у цемры бачыш, – буркліва адазваўся Келус. – Я, можа, таксама хачу на цябе глядзець.

– Тады… – Дань Хэн адсунуўся і ўпёрся рукамі ў Келусавы грудзі, нібы маючы намер устаць. – Мне пайсці ўключыць святло?

– Не! – залішне паспешна выклікнуў Келус, схапіўшыся за чужое плячо і тузануўшы яго назад на сябе, а затым панізіў голас, успомніўшы пра Сакавік 7 ў суседнім пакоі: – Застанься. Мне, насамрэч, і так добра.

Дань Хэн коратка ўсміхнуўся і, нарэшце, звярнуў усю сваю ўвагу на вусны Келуса. Ён не ўпершыню ўцякаў ад кашмараў вось так, хаваючыся ў гарачых абдымках і забываючыся ў пацалунках, якія даводзілі да дрыжыкаў. Гэта дапамагала, а Келус зусім не супраць быў аддаць усяго сябе, калі пасля Дань Хэна будуць чакаць спакойныя ночы.