Work Text:
Віно ў келіху эльфа чырвонае — амаль бардовае, якім бывае неба на захадзе сонца за Гарою, як рубіны, якія можна знайсці ў чэраве Гары. Эльф быццам глядзіць на келіх, але насамрэч на яго, Торына, праз шкло і вадкасць. Торын адчувае гэты позірк — не варожы, але зацікаўлены.
Якім чынам ён апынуўся тут сам-насам з эльфійскім каралём? Ён адно ўнук Трора, Караля-пад-Гарою, ён занадта малады і занадта далёка ад трона, каб мець нейкі ўплыў на рашэнне якіх-кольвек пытанняў. Дык навошта?
— Не паспытаеш нашага віна, Торын, сын Трайна, сына Трора?
Эльф амаль вуркоча, і ў Торына немаведама чаму пачынаюць гарэць шчокі — добра, што пад барадой не відаць.
Ён хоча адказаць, як бацька не больш за гадзіну таму, што ў шатрах эльфаў ніякага эльфійскага пітва ці ежы каштаваць не будзе, але словы захрасаюць у горле, калі эльф глядзіць на яго не праз віно. У вачах, шэра-блакітных, быццам тапазы, — нечаканая цеплыня і цікавасць, і ніякай пагарды, пра якую казалі дзед і бацька.
Торын цягнецца да свайго келіха, глядзіць на чырвань праз разныя шкляныя бакі — і як толькі эльфы прывезлі іх дасюль, не пабіўшы? І навошта?
— Мне падаецца, — адказвае на пытанне, якое не задаў Торын, эльф, — што посуд мусіць адпавядаць значнасці сустрэчы. Калі цябе дзівіць, што мы прывезлі свае шкляныя келіхі да Самотнай Гары, Торын, сын Трайна, сына Трора.
— Можна проста Торын, — выціскае з сябе Торын.
І эльф раптам усміхаецца — пяшчотна, быццам горн, які астывае, — і адказвае:
— Тады й я — проста Трандуіл. Калі ты пажадаеш паклікаць мяне, Торын.
У Торына пачынаюць гарэць вушы, і ён імкліва робіць глыток. На смак віно такое ж чырвонае, як і на колер. Мацнейшае за эль, які звычайна п’юць гномы.
— Не спяшайся, — эльф смяецца, але неяк не крыўдна. — Віно так не п’юць. Патрымай яго ў роце, каб адчуць увесь букет, і толькі пасля праглыні. Не трэба спяшацца.
Чамусьці Торыну падаецца, што эльф кажа не толькі пра віно. Але пра гэта ён падумае калі-небудзь потым.
18.04.2023
